Аглядача: Open Space “Deal with Silence”
Тры гады мінская каманда рыхтавала свой дэбютны альбом. Тры гады хлопцы пераігрывалі партыі, перапісывалі вакалы. Тры гады гурт Open Space дамагаўся дасканаласці гучання і арыгінальнасці пласцінкі “Deal with Silence”.
З 21-га снежня даўгачаканы вынік працы ад гурта Open Space можна набыць у музычных крамах “Містэрыя гуку”. Плыта складаецца з 11-ці кампазіцый, напісаных у розныя этапы існавання гурта. Паводле ўдзельнікаў каманды, альбом “Deal with Silence” “зараджаны энергетыкай і драйвам, і ў той жа час не пазбаўлены меланхоліі”.
Дзякуй Богу, у Беларусі музыкі навучыліся добра граць і пісаць нядрэнныя альбомы, тэхнічная частка якіх не можа не радаваць. Іншая справа – змест і мэта. Менавіта гэтыя пункты часам пазбаўленыя асэнсаванасці.
Гурт Open Space – цалкам добрая каманда, у якой усё ў парадку з музычнымі складнікамі, густам і галавою. Толькі вось падаецца, што іх дэбютнік “Deal with Silence” занадта роўны, без эмацыйных накалаў і ўсплескаў. Кожная песня плыты – працяг папярэдняй, у выніку ўзнікае ўражанне адной доўгай песні, якая складаецца з павольных і драйвовых кавалкаў.
Па ўсім відаць, што хлопцы стараліся, клапатліва выхоўвалі “свайго дзіцёнка”, толькі, адзінае, забыліся пра фішку, і пра тое, што без яе цяжка некага здзівіць. Таму нават пасля 10 праслухоўванняў альбом падаецца безжыццёвым, аднастайным і злёгку пасрэдным.
Апошнім часам узнікае пытанне мэтазгоднасці існавання той ці іншай музыкі ў Беларусі. Без яго не абыйшлося і тут. Правільная, прылізаная, прытэнзіёзная індзі-музыка наўрад ці патрэбная нават альтэрнатыўнаму беларусу. Беларус ужо не галодны, яму падавай далікатэсы!