“Вывезены ў невядомым напрамку” — у краіне Азіі затрымалі былога байца ПКК

Полк імя Кастуся Каліноўскага

Полк імя Кастуся Каліноўскага / t.me/KalinouskiPolk

Стала вядома, што ў сярэдзіне лістапада ў краіне Азіі быў затрыманы былы баец Інтэрнацыянальнага легіёна Украіны, які ўваходзіў у склад Палка імя Кастуся Каліноўскага.

“На гэты момант баец затрыманы паліцыяй і вывезены ў невядомым напрамку. Да яго няма доступу адваката і ён не мае магчымасці звязацца з роднымі. Дэталі затрымання і абвінавачванне высвятляюцца нанятым адвакатам”, — распавёў Еўрарадыё Андрэй Кушняроў з Асацыяцыі беларускіх добраахвотнікаў.

Ці можа ўкраінскі бок адвакатаваць беларуса, калі ён быў добраахвотнікам на вайне?

“На жаль, гэта беларускія грамадзяне, таму імі могуць займацца толькі беларусы. Калі не беларуская апазіцыя, то беларускія праваабарончыя арганізацыі. Калі чалавека недзе затрымалі, то праваабаронцы мусяць давесці гэта да праваабаронцаў той краіны, дзе чалавека затрымалі. Яго маюць абараняць праваабарончыя арганізацыі, каб не дапусціць яго выдачы рэжыму”, — пракаментаваў Еўрарадыё амбасадар Украіны па асобых даручэннях па Беларусі Ігар Кізім.

Як стала вядома выданню "Зеркало", пра затрыманне ведае Офіс Святланы Ціханоўскай. Дарадца па прававых пытаннях Леанід Марозаў паведаміў, што кантактуе з маці затрыманага і ўладамі краіны, дзе ён, як мяркуецца, знаходзіцца.

Вядома, што мужчына — прафесійны вайсковец. Пасля пратэстаў 2020 года жыў ва Ўкраіне, а пасля завяршэння службы ў палку Каліноўскага пераехаў у Літву. Там яму адмовілі ў выдачы права на жыхарства з-за мінулай службы ў беларускім войску. У апошні час мужчына працаваў у сферы IT.

Таксама, паводле выдання, у Беларусі экс-байцу можа пагражаць пазбаўленне волі да 15 гадоў. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі