Алімпіяду ў Рыа будуць трансляваць тры беларускія тэлеканалы
Алімпійскія гульні ў Рыа-дэ-Жанейра, якія пройдуць з 5 па 21 жніўня, будуць транслявацца па трох беларускіх тэлеканалах — гэта “Беларусь 1”, “Беларусь 2” і “Беларусь-5”. Пра гэта БелаПАН паведамляе са спасылкай на прэс-службу Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі.
Цырымонію адкрыцця Гульняў пакажуць па “Беларусь 1” 5 жніўня — гэта будзе яскравая імпрэза на стадыёне Марыа Фільё, больш вядомым як “Маракана”. Тут завяршыцца эстафета алімпійскага агню. Падчас шоў будзе выкарыстана 3 тоны феерверкаў і задзейнічана 10 тысяч валанцёраў.
Першы канал таксама пакажа “Дзённікі Алімпіяды”, у якіх будзе распавядаць пра самыя важныя моманты Гульняў. Алімпійскія сюжэты будуць і ў навінавых выпусках.
“Беларусь 5” падчас Гульняў стане кругласутачным алімпійскім каналам і пакажа ў жывым эфіры максімальную колькасць спаборніцтваў. А на “Беларусь 2” пакажуць спаборніцтвы ў гульнявых відах спорту, у тым ліку з удзелам нацыянальнай жаночай каманды па баскетболе.
Сёлета Алімпіяда ўпершыню пройдзе ў Паўднёвай Амерыцы. У 33 відах спорту будзе разыграная рэкордная колькасць камплектаў узнагарод — 306 медалёў. У Бразілію прыедзе найбольшая колькасць краін-прадстаўніц — 206 нацыянальных каманд, сярод якіх беларуская.