Амерыканцы ці расіяне: хто напісаў "метадычку", на якую спасылаецца Лукашэнка
Пратэсты ў Мінску / Радыё Свабода
"Па гэтай метадычцы "каляровых рэвалюцый" яны ўжо сем-восем этапаў прайшлі. Засталося зусім крыху, наступны этап — радыкалізацыя", — кажа Аляксандр Лукашэнка пра пратэстоўцаў 27 кастрычніка на нарадзе па падрыхтоўцы да Усебеларускага народнага сходу.
Якая менавіта "метадычка" маецца на ўвазе, Лукашэнка не ўдакладніў. Але раней у сувязі з "каляровымі рэвалюцыямі" ён згадваў Джына Шарпа, аўтара кнігі "Ад дыктатуры да дэмакратыі. Стратэгія і тактыка вызвалення".
Еўрарадыё параўнала яе асноўныя палажэнні і іншую літаратуру па тэме з тым, што адбываецца ў Беларусі і пра што кажа Лукашэнка. І — мяркуючы па ўсім, беларускія ўлады, хутчэй, хочуць уціснуць пратэсты ў рамкі нейкіх "метадычак", а не абапіраюцца на канкрэтныя факты.
Падступныя амерыканцы
Амерыканскага навукоўца Джына Шарпа і ў Расіі, і ў Беларусі памінаюць і з нагодай і без нагоды. Прапаганда прадстаўляе яго кнігу як нейкі "падручнік" па арганізацыі рэвалюцый.
"Рэальная сістэма з рэальнымі метадычнымі ўказаннямі. Так называюць працу Шарпа. Гэта як інструкцыя да бытавой тэхнікі. Уключыў, выкарыстаў, ачысціў, і працуе далей. Тыя ці іншыя практыкі часам паўтараюцца пад капірку, як і людзі, якія ўжо атрымалі досвед падобных дзеянняў у іншых краінах свету", — палохалі беларусаў яшчэ летам у эфіры "Беларусь 1".
Мяркуючы па пошуку на сайтах Белтэлерадыёкампаніі і АНТ, беларускае тэлебачанне пачало выкарыстоўваць імя Шарпа як страшылку толькі гэтым летам. "Беларусь сегодня" ў гэтым плане больш прагрэсіўная: пра Шарпа там пісалі яшчэ ў 2012 годзе. Але з канца вясны колькасць згадак навукоўца там прыкметна вырасла.
У верасні Шарпа ўпершыню згадаў і Лукашэнка:
"Тактыка арганізатараў будавалася па класічным амерыканскім падручніку "каляровых рэвалюцый". Гэта ўсім вядомы Джын Шарп. Цяпер мы можам азірнуцца назад і дэталёва разабраць усе этапы сцэнара па знішчэнні нашай краіны, якому мы, на шчасце, не дазволілі рэалізавацца і не дазволім".
Тады ж Лукашэнка згадаў сем этапаў "каляровай рэвалюцыі": падрыхтоўчы, парламенцкія выбары, падрыхтоўка да прэзідэнцкіх выбараў, прэзідэнцкая кампанія, спроба майданнага сцэнара, поствыбарчы пратэст, спроба легалізацыі інфраструктуры перамен.
Нюанс у тым, што 27 кастрычніка Лукашэнка заявіў пра праходжанне "сямі-васьмі" этапаў з сямі названых раней. Але парламенцкія выбары 2019 года прайшлі для краіны фактычна незаўважна, а "радыкалізацыю" ён раней не згадваў наогул. Нават з раней агучаным уяўленнем самога Лукашэнкі пра працу Шарпа гэта рэпліка не сыходзіцца!
Дый у кнізе Шарпа гэтых этапаў няма. Строга кажучы, у ёй не пазначаны наогул ніякія этапы, а прапаганда часцей за ўсё ківае на спіс 198 метадаў негвалтоўнай барацьбы — ад петыцый да забастовак, — які прыдумаў далёка не Шарп.
Яшчэ адзін амерыканец, экс-амбасадар ЗША ў Расіі і навуковец са Стэнфарда Майкл Макфол, таксама вывучаў этапы рэвалюцый. І налічыў іх сем, уключаючы нізкую папулярнасць прэзідэнта і раскол у элітах. Але супадзенняў з тым, што пералічваў Лукашэнка, таксама няма.
Пошук у інтэрнэце стадый, згаданых у верасні Лукашэнкам, не выдаў ніякіх крыніц, акрамя яго самога.
Ці ўсё ж расійскія "навукоўцы"?
Расійскае "Агенцтва сацыяльнага інжынірынгу" таксама вывучала "этапы" рэвалюцый. У іх спісе ёсць радыкалізацыя. Хоць іншыя этапы не супадаюць з тым, што агучыў Лукашэнка.
У іх пераліку — дзевяць стадый, ад "інфармацыйнага выбуху" да "захопу ўлады". Гэта значыць, калі Лукашэнка абапіраецца менавіта на гэтыя звесткі, то практычна ўсе этапы, акрамя апошніх, сапраўды ўжо пройдзеныя.
Бэкграўнд агенцтва, якое рабіла агляд "этапаў", цікавы. Напрыклад, у 2019-м яно папярэджвала пра "стварэнне антырасійскай беларускай дзяржаўнай ідэі". Сама структура была створана ў тым жа годзе "па ініцыятыве грамадскіх дзеячаў і моладзевага парламента Дзяржаўнай Думы РФ". Кіраўнік арганізацыі Антон Давідчанка ў 2014-м арганізоўваў у Адэсе "Антымайдан", але пасля перамогі Рэвалюцыі годнасці эміграваў у Расію. І сканцэнтраваўся на барацьбе з "каляровымі рэвалюцыямі".
Дарэчы, менавіта на Давідчанку спасылаецца "Беларусь 1" у адной з першых перадач пра спробы арганізаваць у краіне пераварот. З'яўляўся ён і ў матэрыялах прапагандысцкага сайта "Политринг" і на сайтах адыёзных расійскіх выданняў.
А можа, беларускае "ноу-хау"?
Цалкам магчыма, што Лукашэнка абапіраецца ў сваіх словах на звесткі, падрыхтаваныя беларускімі аналітыкамі. Нездарма ж у Беларусі ў лютым 2019-га быў створаны Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў, задуманы як дзяржаўная "фабрыка думкі".
У адкрытым доступе аналітыкі БІСД або навуковых прац яго супрацоўнікаў па гэтай тэме няма. Аднак вельмі падобна да таго, што такі аналіз быў зроблены менавіта "айчынным вытворцам", таму гаворка, хутчэй, ідзе не пра "экспарт рэвалюцыі" падступнымі замежнікамі, а пра спробу пераканаць у існаванні за спінамі пратэстоўцаў нейкіх лялькаводаў і сцэнарыстаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.