Арганізатары канцэрта BRUTTO у Гомелі: Дах не пацячэ. Мы ўпэўненыя

Арганізатары канцэрта BRUTTO у Гомелі: Дах не пацячэ. Мы ўпэўненыя

У Гомелі дазволілі першы для Беларусі канцэрт гурта BRUTTO. Імпрэза адбудзецца 29 кастрычніка ў Лядовым палацы, квіткі ўжо прадаюцца па ўсёй краіне.

"Гэта была наша ініцыятыва — перарваць існуючую негалосную забарону, — каментуе навіну супрацоўнік агенцтва Allstars, якое атрымала дазвол на мерапрыемства. — Хоць і нечакана, але атрымалася гэта зрабіць".

Аляксандр перакананы, што дах ў Лядовым палацы раптоўна не пацячэ і спадзяецца на тое, што прыхільнікі "не будуць ладзіць правакацыі":

"Калі ўсё будзе ў тых межах, якія абазначаныя, то ўсё адбудзецца".

За два гады свайго існавання BRUTTO не далі ніводнага канцэрта на радзіме, хоць у мінскі гарвыканкам неаднойчы падавалі дакументы на атрыманне гастрольнага пасведчання. Апошні гучны прэцэдэнт здарыўся ўвесну 2016-га. Тады мінскія ўлады не дазволілі камандзе Міхалка сыграць у Палацы спорту 27 траўня з-за таго, што на гэты дзень у зале раптам вырашылі заняцца мантажам абсталявання.

"Віншуем усіх беларускіх фанатаў BRUTTO з дазволам на канцэрт у Гомелі! — звяртаецца да фанатаў Сяргей Міхалок. — Мы вельмі рады, і падрыхтуем шоу на Еўрапейскім узроўні! На сёння гэта самая важная падзея для BRUTTO, мяне асабіста і маіх блізкіх!".

Пасля распаду “Ляпісаў” і ўтварэння двух гуртоў BRUTTO і Trubetskoy, менавіта калектыў Міхалка мае праблемы з арганізацыяй канцэртаў у Беларусі. На радзіме Міхалок не выступаў агулам пяць гадоў. 

 

Кошты квіткоў на выступ у Гомелі: фанзона — 75 рублёў, танцпол — 57 рублёў, сектары — ад 32 да 64 рублёў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі