Аварыя з удзелам байкера, інспектара ДАІ і інкасатараў. Тры версіі
На дадзены момант існуе тры версіі падзей — версія дзяржаўнага СМІ, журналісты якога першымі трапілі на месца падзей, версія ДАІ (нават дзве) і версія байкера. Супрацоўнік ДАІ знаходзіцца ў цяжкім стане ў рэанімацыі і пакуль не можа пацвердзіць альбо абвергнуць іх.
Версія 1: інспектар ДАІ спрабаваў затрымаць матацыкліста
ДТЗ з удзелам байкера Сяргея Шаўцова, інспектара ДАІ і аўтамабіля інкасатараў здарылася ў Мінску на скрыжаванні праспекта Незалежнасці і вуліцы Казлова 18 красавіка прыкладна ў 10.50. Першую версію падзей апублікавала дзяржаўнае выданне "Мінск-Навіны", чыя рэдакцыя знаходзіцца літаральна за 10 метраў ад месца аварыі.
"Супрацоўнік ДАІ спрабаваў затрымаць матацыкліста. У выніку кіроўца байка і міліцыянт апынуліся на скрыжаванні — іх збіла машына. Пра гэта карэспандэнту агенцтва "Мінск-Навіны" паведамілі відавочцы здарэння. Па іх словах, матацыкл рухаўся па праспекце Машэрава ў бок вуліцы Казлова. Дзяржаўтаінспектар спрабаваў затрымаць кіроўцу, утрымліваў яго, але матацыкліст паехаў і выцягнуў супрацоўніка міліцыі на сярэдзіну скрыжавання. Тут вартавога парадку і матацыкліста збіў аўтамабіль, які рухаўся па праспекце Незалежнасці ў бок плошчы Перамогі".
Версія 2: матацыкліст, уцякаючы, наехаў на інспектара
Праз нейкі час з'явілася афіцыйная версія ДАІ, яна даволі значна адрозніваецца ад таго, пра што піша "Мінск-Навіны".
"18 красавіка каля 10.50 экіпаж ДПС, рухаючыся па праспекце Машэрава з боку вуліцы Чырвоная ў напрамку праспекта Незалежнасці, звярнуў увагу на матацыкліста, які рухаўся з парушэннямі ПДР, без рэгістрацыйнага нумарнога знака. Пры спыненні патоку транспарту на скрыжаванні з праспектам Незалежнасці на забараняльны сігнал святлафора было прынятае рашэнне аб затрыманні матацыкліста і правядзенні разбору. Супрацоўнік ДАІ падышоў да кіроўцы матацыкла, прадставіўся і запатрабаваў прад'явіць дакументы, аднак матацыкліст дадзенае патрабаванне праігнараваў і паспрабаваў з'ехаць. Пры гэтым здзейсніў наезд на інспектара ДАІ, а затым сутыкненне з іншым транспартным сродкам".
Эксперт: У інспектараў ДАІ ёсць такая практыка - хапаць байкераў за руль
“У іх ёсць інструкцыя, але больш за тое: як па Правілах дарожнага руху праводзіцца спыненне транспартнага сродку інспектарам ДАІ? Згодна з Правіламі: “жэстам рукі, жэзлам, гукаўзмацняльнай устаноўкай, калі ён едзе на машыне, альбо ўключэннем чырвонага маячка і сірэнай”. Усё.
Існуе яшчэ адна версія ДАІ, якую выклалі байкеру Шаўцову ў пастанове аб яго затрыманні. Там няма згадак аб адсутнасці рэгістрацыйных нумароў у матацыкла. Нумары, наадварот, пазначаныя… у тэксце пастановы.
Версія 3: інспектар сам справакаваў ДТЗ, націснуўшы на газ
Нарэшце ўвечары ў сацыяльных сетках з'явілася версія самога матацыкліста, які атрымаў афіцыйныя пратаколы ад ДАІ. У першыя гадзіны пасля аварыі з ім паразмаўляў карэспандэнт "Камсамолкі":
"Я стаяў на трамвайных шляхах на чырвоным сігнале святлафора. Перада мной з'явіўся інспектар і запатрабаваў дакументы. На знак згоды я кіўнуў і пачаў шукаць месца, куды ад'ехаць, каб не перагароджваць дарогу трамваю. Інспектар, мабыць, вырашыў, што я спрабую збегчы, і дзвюма рукамі наваліўся на руль. Ён штурхаў руль ад сябе, тым самым паварочваючы ручку газа. І ў нейкі момант мая рука саскочыла з рычага счаплення — матацыкл сарваўся з месца і паехаў. Я нават не паспеў нічога сцяміць!
Дзяржаўтаінспектар стаяў перад байкам, і калі матацыкл паехаў, ён павіс на рулі. Мы выехалі на праезную частку, дзе нас ужо збіў падарожны мікрааўтобус. Мы ўсе апынуліся на асфальце. Першыя некалькі хвілін у мяне кружылася галава. Хто выклікаў "хуткую", я не ведаю. Мне стала лепш у карэце хуткай дапамогі".
На трэці дзень пасля ДТЗ абодва пацярпелыя знаходзяцца ў бальніцы хуткай дапамогі, да Сяргея Шаўцова прыстаўленая ахова, якая не пускае родных і нават не дазваляе перадачы. У байкера таксама забралі мабільны тэлефон. Следчыя органы пакуль так і не апублікавалі відэазапісы ДТЗ, аб існаванні якіх гаварылася ў першыя гадзіны — скрыжаванне кантралюецца з дапамогай відэакамер.