“Басовішча” аб’явіла пра конкурсны адбор на фестываль
“Басовішча” аб’явіла пра конкурсны адбор на фэст. Заяўкі на конкурс маладых гуртоў у межах XXVIII фестывалю музыкі маладой Беларусі “Басовішча 2017” прымаюцца да 27 красавіка. Да ўдзелу запрашаюцца маладыя выканаўцы і гурты, асноўную частку рэпертуару якіх складаюць беларускамоўныя кампазіцыі. Музыкі не могуць мець больш за два выдадзеныя альбомы, а сярэдні ўзрост удзельнікаў не мусіць перавышаць 30 гадоў.
Сёлета конкурс пройдзе у некалькі этапаў. Спачатку будзе інтэрнэт-адбор, які працягнецца да 27 красавіка. Каб падаць заяўку, неабходна запоўніць форму. Па заканчэнні інтэрнэт-адбору будзе вызначана 10 гуртоў-паўфіналістаў. Яны возьмуць удзел у другім этапе конкурсу — канцэртным праслухоўванні “Адборышча”, якое пройдзе 20 траўня ў мінскім клубе ILI пры падтрымцы вядомага беларускага гурта, назва якога пакуль трымаецца ў сакрэце. Па выніках “Адборышча” назавуць чатыры гурты, якія атрымаюць магчымасць прэзентаваць сваю праграму на сцэне “Басовішча” ў першы фестывальны дзень, 14-га ліпеня, ды паўдзельнічаць у змаганні за галоўны прыз. Найлепшых вызначыць журы, куды ўвойдуць прадстаўнікі арганізатараў з Беларускага аб’яднання студэнтаў, музыкі, культурныя дзеячы і музычныя журналісты, інфармуе афіцыйная суполка фэсту ў Facebook.