Беларусь у 2019 годзе звядзе імпарт электраэнергіі да нуля

Беларусь у 2019 годзе звядзе імпарт электраэнергіі да нуля

Беларусь з 2019 года цалкам адмовіцца ад імпарту электраэнергіі. Пра гэта паведаміў міністр энергетыкі Беларусі Уладзімір Патупчык на пленарным пасяджэнні Беларускага энергетычнага і экалагічнага форуму, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Паводле міністра, яшчэ зусім нядаўна Беларусь імпартавала да 7 млрд кВт.гадз, што складала значную долю ў спажыванні электраэнергіі ўнутры краіны. За апошнія гады імпарт электраэнергіі зніжаны амаль у тры разы — з 7,9 млрд кВт.гадз ў 2012 годзе да 2,8 млрд кВт.гадз у 2015 годзе.

Уладзімір Патупчык адзначае, што мадэрнізацыя беларускай энергасістэмы дае магчымасць штогод эканоміць каля $150 млн куб.м імпартаванага прыроднага газу, што эквівалентна $24 млн. Вынікам рэалізацыі энергаэфектыўных праектаў таксама стала зніжэнне выкідаў забруджвальных рэчываў у атмасфернае паветра, у тым ліку дыяксіду серы больш чым у два разы і аксіду азоту амаль у 1,5 разы.

Уладзімір Патупчык таксама звярнуў увагу, што ў Беларусі расце выкарыстанне аднаўляльных крыніц энергіі. Калі ў 2011 годзе сумарная ўстаноўленая магутнасць ветраэнергетычных установак складала 1,6 МВт, то ў 2016 годзе эксплуатуецца 68 такіх установак магутнасцю 59,3 МВт. У 2015 годзе гэтымі ўстаноўкамі пастаўлена ў сетку 38,4 млн кВт.гадз электраэнергіі, што дазволіла замясціць 8,7 млн ​​куб.м прыроднага газу і скараціць выкіды забруджвальных рэчываў на 19,2 тыс. тонаў.  

Сёлета ў Наваградскім раёне запусцілі адну з найбуйнейшых у краіне ветраэнергетычных станцый — яе праца дапаможа энергасістэме штогод эканоміць за 5 млн куб.м газу і скараціць выкіды забруджвальных рэчываў дадаткова на 10,9 тыс. тонаў у год.

У 2019 годзе павінны ўвесці ў эксплуатацыю Беларускую АЭС у Астраўцы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі