Беларус ва ўзросце 50+ шукае працу ў сярэднім 11 месяцаў

Беларус ва ўзросце 50+ шукае працу ў сярэднім 11 месяцаў

Жыхару Беларусі, якому больш за 50 гадоў, у сярэднім трэба аж 11 месяцаў на тое, каб знайсці працу. Пра гэта ў інтэрв’ю тэлеканалу “Беларусь 1” расказала міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч.

“Людзям 50+ сапраўды складана канкураваць на рынку працы, — сказала чыноўніца. — Мы паглядзелі, што перыяд пошуку працы дастаткова вялікі. Мы ўбачылі 11 месяцаў чалавек, які старэйшы за 50 гадоў, шукае працу. Гэта дастаткова высокая лічба, таму, вядома, фінансава трэба падтрымаць чалавека, якому складана канкураваць на рынку працы”.

Міністр дадала, што налета яе ведамства прапануе ўраду павялічыць дапамогу па беспрацоўі. 

Сёння максімум, на які можа разлічваць чалавек, які стаіць на ўліку ў цэнтры занятасці і шукае працу, — 51 рубель за месяц. Наколькі менавіта ўзрасце матэрыяльная дапамога, Касцевіч не ўдакладніла.

Вышэйшы пенсійны ўзрост — вышэйшая пенсія

З 1 студзеня 2020 года жанчыны ў Беларусі будуць ісці на пенсію ў 57 гадоў, а мужчыны ў 62 гады. У параўнанні з 2019 годам пенсійны ўзрост павялічваецца на 6 месяцаў. Чыноўніца лічыць, што падвышэнне пенсійнага ўзросту дазволіць павялічыць пенсіі. 

“На фоне старэння насельніцтва трэба перш за ўсё ўтрымаць людзей працаздольнага ўзросту, — расказала Касцевіч. — Павышэнне пенсійнага ўзросту дазваляе нам штогод павышаць пенсіі”.

Касцевіч дадае, што сярэдняя пенсія па ўзросце ў лістападзе 2019 года склала 446 рублёў. У параўнанні з 2018 годам яна павялічылася на 50 рублёў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі