Беларус з Венесуэлы: Долар вырас у 126 разоў, мая фірма закупіла браневікі

Беларус з Венесуэлы: Долар вырас у 126 разоў, мая фірма закупіла браневікі

Сусветныя СМІ амаль штодня палохаюць навінамі з братняй нам Венесуэлы. Краіну разрывае востры крызіс. Па свеце разыходзяцца фота і відэа, як венесуэльцы стаяць у кіламетровых чэргах па рыс і туалетную паперу. Ці проста нападаюць на аптовыя склады і грузавікі з прадуктамі.

Па інтэрнэце разышоўся страшны твіт Рамона Мучачы, мэра горада Чакаа. Чыноўнік, калі верыць у сапраўднасць запісу, распавёў пра паляванне на бяздомных катоў і сабак галоднымі людзьмі.   

Паводле афіцыйных дадзеных, рызыка стаць ахвярай забойцы ў Венесуэле ў 17 разоў большая, чым у Беларусі.

Ці ў бяспецы сябе адчуваюць нашы землякі, якіх там жыве ды працуе нямала?  

Марадзёрства на аптовым рынку ў Маракаі

“Увечары ў нашым мікрараёне можна спакойна схадзіць па хлеб і сок, а потым вярнуцца дадому”

 

“Вельмі моцна абураны матэрыяламі ў беларускіх СМІ. У венесуэльскіх крамах, канешне, няма такога, як у “Еўраопце”. Таго ж мяса менш, чым у нас. Прыйсці і купіць усё адразу нельга”, — апісвае сітуацыю Сяргей, інжынер-механік з “Белзамежбуда”, які прыехаўу камандзіроўку ў горад Маракай.  

Еўрарадыё: СМІ расказваюць пра тое, што некаторыя прадукты можна купіць толькі ў пэўныя дні. Да прыкладу, у панядзелак прададуць, у аўторак — ужо не…

Сяргей: Гэта для Венесуэлы нармальная практыка. Яна распаўсюджваецца на дэфіцытныя тавары (рыс, мука, малако, макароны, сокі, туалетная папера, падгузнікі, дэзадаранты, — Еўрарадыё). А тое, што ў свабодным доступе, можна прыйсці і купіць у любы дзень. Праблемаў, каб цягам тыдня я мог закупіць патрэбныя прадукты, абсалютна няма. Прынамсі ў Маракаі.

Еўрарадыё: Ці ў бяспецы вы сябе адчуваеце?

Сяргей: Са мной жонка і двое малых дзяцей. Не баюся ні за іх, ні за сябе. Увечары ў нашым мікрараёне можна спакойна выйсці на дзіцячую пляцоўку, схадзіць па хлеб і сок, а потым вярнуцца дадому.

Еўрарадыё: То бок такога, каб людзі лавілі і елі сабак,  няма?

Сяргей: У нас усе сабакі, нават бяздомныя, на месцы. 

Еўрарадыё звязалася з яшчэ некалькімі супрацоўнікамі “Белзамежбуда”, ужо са сталічнага Каракаса. Яны чамусьці наадрэз адмовіліся гутарыць і прапанавалі перазваніць ім па вяртанні ў Беларусь.

 

“Сёння адзін долар можна прадаць за 1000 балівараў, а афіцыйны курс — 6,3”

 

Наш зямляк Дзяніс працуе ў Венесуэле ўжо пяць гадоў. Пачынаў з беларускай кампаніі, потым пераехаў на захад краіны і наняўся да замежнікаў. Дзяніс гутарыць больш ахвотна. Ён падкрэслівае асаблівасць, што венесуэльскія беларусы маюць магчымасць хадзіць там у дарагія супермаркеты, чаго не могуць сабе дазволіць многія мясцовыя жыхары.

“Беларусы маюць заробкі ў доларах. Ты мяняеш іх тут па “чорным курсе” і набываеш у краме што заўгодна. Толькі побытавую хімію — парашкі, шампуні, дэазадаранты — я прывожу з Беларусі”.

Беларус з Венесуэлы: Долар вырас у 126 разоў, мая фірма закупіла браневікі
Акурат у такія сацыяльныя супермаркеты беларусы найчасцей не ходзяць. Фота assets.bwbx.io

Пакуль Дзяніс жыве ў Венесуэле, курс долара на чорным рынку тут змяніўся больш як  у  сто разоў. У 2011-ым ён складаў каля 8 балівараў. А потым курс пачаў расці так імкліва, што гэта было незвычайным нават для беларуса.

“Сёння адзін долар можна прадаць за 1000 балівараў, а афіцыйны курс — 6,3”, — прыводзіць лічбы беларус. — У Венесуэле шмат паралельных курсаў. Асобны — для выезду за мяжу, асобны — для рынку медыкаментаў, яшчэ адзін — для фінасавых кампаніяў і гэтак далей”. 

Пакуль Дзяніс адчувае сябе ў баліварыянскай рэспубліцы нармальна. Але, на яго думку, калі здарыцца нешта надзвычайнае, ведае што рабіць:

“У новай кампаніі нас канкрэтна папярэдзілі: “Калі пачынаецца нейкі ўзброены канфлікт, вось браніраваныя машыны, спадарожнікавы тэлефон, узлётная паласа…”.

У Венесуэле сёння жывуць і працуюць сотні ці нават тысячы нашых грамадзян. Дакладную лічбу Міністэрства замежных спраў пакуль не называе. Таксама МЗС не публікуе афіцыйных рэкамендацый, каб беларусы ўстрымліваліся ад паездак у Венесуэлу ці вярталіся дадому.

Беларус з Венесуэлы: Долар вырас у 126 разоў, мая фірма закупіла браневікі

З-за чаго ў Венесуэле пачаўся крызіс?

 

Калі тлумачыць проста, наша братняя лацінаамерыканская рэспубліка раней напаўняла бюджэт дзякуючы нафце. Кошты на чорнае золата абваліліся і накаўтавалі венесуэльскую эканоміку. 

Паводле ацэнак МВФ, інфляцыя сёлета дасягне 720%. Працоўны тыдзень скарацілі да двух дзён. Пачаліся праблемы нават з забеспячэннем людзей пітной вадой. З-за крызісу ў краіне пагоршылася сітуацыя са злачыннасцю, хоць і ў лепшыя часы Каракас лічыўся адным з самых небяспечных гарадоў планеты. Зразумела, што ў такой сітуацыі абвастрыўся і палітычны крызіс. Апазіцыя заявіла пра тое, што сабрала неабходную колькасць галасоў для рэферэндуму аб адстаўцы дзейнага прэзідэнта Нікаласа Мадуры. Улады правесці рэферэндум не далі. Пачаліся акцыі пратэсту, якія жорстка разганяюцца. Такое ўражанне, што Венесуэла пераўтварылася ў бомбу, якая можа ў любы час выбухнуць. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі