Беларускі журналіст уцёк ад рэпрэсій, а цяпер яго хочуць выслаць з Еўропы
Андрэй Ліпскі па прылёце ў Германію
— Адразу паляцеў у Германію, бо там жыве мая старэйшая дачка. Хацелася, каб у сітуацыі, калі я пазбавіўся і працы, і магчымасці быць са сваёй сям'ёй, хоць бы адзін родны чалавек заставаўся побач. У выніку — тулянні ў лагерах для ўцекачоў, зніклы пашпарт і пагроза выправаджэння ў Беларусь.
Так пачынае сваю гісторыю беларускі журналіст Андрэй Ліпскі.
Сутыкнуўшыся з палітычнымі рэпрэсіямі на радзіме, журналіст быў вымушаны бегчы з краіны. Спачатку ён папрасіў палітычнага прытулку ў Германіі, дзе ў яго забралі пашпарт (і дагэтуль не вярнулі), пасля адмовы двойчы спрабаваў легалізавацца ў Польшчы. Нядаўна яму прыйшло рашэнне ад польскіх памежнікаў, што ён абавязаны добраахвотна вярнуцца ў Беларусь. Дома Андрэя чакае "воўчы білет" і суд паводле крымінальнай справы.
Што здарылася?
— У беларускай журналістыцы я з 1995 года, — тлумачыць першасную прычыну праблем Андрэй Ліпскі. — Усё сваё свядомае жыццё я працаваў у розных падраздзяленнях светлагорскага медыяхолдынга "Ранак" (у газеце, на тэлебачанні, а потым і на сайце).
У чэрвені 2023-га на Светлагорскім цэлюлозна-кардонным камбінаце адбылася буйная тэхнагенная аварыя, у выніку якой загінулі тры чалавекі, пра што мы паведамілі нашым падпісчыкам у сацсетках, а на наступны дзень я падрыхтаваў матэрыял для сайта.
Праз тры дні пасля гэтага дзевяць чалавек з нашай рэдакцыі закрылі на суткі, у тым ліку і мяне. Аблаву праводзіў гомельскі АМАП пад кіраўніцтвам гомельскага ГУБАЗіКа.
У нас канфіскавалі тэлефоны. Паралельна ўсе нашы медыя заблакавалі, а сацсеткі прызналі экстрэмісцкімі.
Першага студзеня ведамства, якое займаецца справамі мігрантаў, своеасабліва павіншавала мяне з Новым годам. Мне прыйшло паведамленне, дзе было напісана, што маё прашэнне аб міжнароднай абароне ў Германіі адхіляецца, бо Польшча як краіна, якая выдала мне візу, пагадзілася разглядаць маю заяўку. Таму мяне трэба дэпартаваць у Польшчу.
Мае аргументы, што ў Германіі ў мяне дачка, палічылі неістотнымі. Маўляў, дачка досыць дарослая, каб я пра яе клапаціўся, а я яшчэ занадта малады, каб мець патрэбу ў яе дапамозе.
Я спрабаваў неяк аспрэчыць гэтае рашэнне, але, жывучы ў лагеры для ўцекачоў, рабіць гэта даволі складана. Ні на адзін з маіх чатырох электронных лістоў, дзе я прасіў вярнуць мне пашпарт, каб я з'ехаў у Польшчу сам (пазбегнуўшы дэпартацыі), мне не адказалі.
Затое ў пяць раніцы чацвёртага сакавіка адчыніліся дзверы нашага вагончыка (я жыў тады ў лагеры ў горадзе Шайнфельд), мяне асляпіла святло ліхтарыка:
— Андрэй?
— Так.
— Мы зараз павязём цябе ў Польшчу.
У Польшчу мяне прывезлі ў горад Згажэлец. Там польскія памежнікі падпісалі нейкія дакументы з немцамі, і мяне перадалі польскаму боку.
Андрэй звяртае ўвагу, што ўсю дарогу, пакуль яго везлі, ён пытаўся пра свой пашпарт. Яму паказвалі нейкую паперу з яго фота, маўляў, няма праблем. Тады Андрэй зноў і зноў паўтараў: "Дзе мой пашпарт? Вы везяце яго?" Суправаджальнік паабяцаў камусьці патэлефанаваць.
Калі беларуса прывялі на размову да польскага афіцэра на мяжы, той тут жа пачаў пытацца ў яго пра пашпарт. Мужчына патлумачыў сітуацыю і сказаў, што хацеў бы падацца на міжнародную абарону. Яму сказалі "ок", праанкетавалі, далі першасны дакумент і праінструктавалі, як запаўняць вялікую анкету, каб не ехаць самому ва Упраўленне па справах замежнікаў у Варшаве.
— Мяне спыталі, куды я паеду. Я сказаў, што хацеў бы адправіцца ў Лодзь, дзе ў мяне ёсць сябры. Мяне падвезлі на чыгуначную станцыю — так я апынуўся там, дзе жыву дагэтуль. У Лодзі я адказаў на пытанні анкеты, раздрукаваў і разам з пратаколамі затрымання, судовымі рашэннямі, пасведчаннем аб тым, што я працаваў журналістам, і іншымі дакументамі адправіў поштай у Варшаву.
15 сакавіка маю анкету атрымалі — у мяне ёсць квіток. Таксама мне прыйшла "дэцызія" пра тое, што мне прызначылі дапамогу. Усё быццам наладжвалася: у мяне з'явілася медыцынская страхоўка, і я пачаў хадзіць па дактарах.
Рашэнне аб выправаджэнні ў Беларусь
— Але 26 траўня мне ператэлефанавалі з фірмы, якая арганізоўвае наведванне медустаноў у рамках маёй страхоўкі, і сказалі, што страхоўка больш не працуе, а ўсе мае запісы адмяняюцца — маўляў, ім прыйшло паведамленне з "ужонда".
Я пачаў тэлефанаваць на інфалінію, пісаў лісты. Нічога канкрэтнага. Дапамогу больш таксама не дасылалі. Я зноў тэлефанаваў і пісаў.
Я пытаўся на інфалініі, можа, з маёй справай што-небудзь не так? Мне адказвалі, што ўсё нармальна. Урэшце я іх дастаў сваімі званкамі, і 25 чэрвеня мне ператэлефанавалі з інфалініі.
Спецыялістка сказала, што займаецца маёй справай і з ёй усё нармальна, але папрасіла наведаць мясцовае памежнае ўпраўленне і там скласці заяву аб тым, што я прашу падоўжыць працэдуру міжнароднай абароны. Таксама мне трэба было напісаць ліст у Дэпартамент сацыяльнай абароны, каб мне аднавілі медстрахоўку і выплату дапамогі.
— Я думаў, што ўсё нармальна, але 30 кастрычніка атрымаў заказны ліст ад каменданта памежнікаў, — кажа суразмоўца Еўрарадыё. — Гэта было рашэнне аб абавязацельстве замежніка выехаць у Беларусь і забарона на ўезд на тэрыторыю Польшчы і іншых краін Шэнгенскай дамовы на працягу аднаго года. Пад гэтым стаялі мае дадзеныя: прозвішча, імя, грамадзянства — Беларусь.
Цікава, як яны гэта ўсё пішуць, калі не вераць, што ў мяне ёсць пашпарт і польская віза. Чаму яны не высылаюць мяне ў Германію, адкуль мяне прывезлі ў Польшчу?
Карацей, не разумею, што адбываецца. У той жа дзень я звярнуўся ў "Partyzanka" (ініцыятыва па аказанні дапамогі мігрантам) і Цэнтр беларускай салідарнасці па юрыдычную дапамогу.
Юрыст сказаў, што на час разгляду майго прашэння аб забеспячэнні міжнароднай абаронай такія дзеянні, як выправаджэння або дэпартацыя, рабіцца не павінны. Усё вельмі заблытана. Пакуль я падаў скаргу на памежнікаў і чакаю рашэння "ўжонда" аб міжнароднай абароне. Калі рашэнне будзе адмоўным, яго таксама можна спрабаваць абскардзіць. Адвакат абяцаў дапамагчы. Не ведаю, наколькі гэта рэальна, але буду старацца застацца тут.
— Як вы адчуваеце сябе пасля ўсёй гэтай гісторыі?
— У мяне такое адчуванне, быццам я вакол вінаваты. Вінаваты ў тым, што паехаў у Германію, вінаваты ў тым, што паехаў у Польшчу. Вінаваты ў тым, што мой пашпарт невядома дзе, вінаваты нават у тым, што мяне нахабна падманвалі, а я верыў і прапусціў час, каб нешта зрабіць. Я з усіх сіл стараюся гуляць паводле правіл, але яны, аказваецца, дзейнічаюць не для ўсіх.
Увогуле, круціся як хочаш. Ты не маеш права выязджаць за межы Польшчы, але шукай пашпарт у Германіі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.