Беларусь займае трэцяе месца ў свеце па колькасці журналістаў за кратамі
У Беларусі за кратамі знаходзяцца 39 прадстаўнікоў СМІ
Беларусь трапіла ў топ-тры сусветнага антырэйтынгу краін, якія актыўна саджаюць у турму журналістаў. Статыстыку апублікавала міжнародная арганізацыя "Рэпарцёры без межаў".
Усяго ў свеце цяпер у зняволенні знаходзіцца 521 журналіст. Гэта менш, чым у 2022 годзе (тады было 569). Але больш за палову затрыманых журналістаў прыпадае на ўсяго на чатыры краіны — гэта Кітай (уключаючы Ганконг), М'янма, Беларусь і В'етнам. У Кітаі ў турме знаходзіцца 121 прадстаўнік СМІ, у М'янме — 68, у Беларусі — 39 журналістаў (і гэта на сем чалавек больш, чым у 2022 годзе, адзначылі "Рэпарцёры без межаў"). Акрамя таго, "Беларусь — краіна з найбольшай колькасцю затрыманых жанчын-журналістаў (10) пасля Кітая (14)", — гаворыцца ў справаздачы арганізацыі.
У справаздачы таксама адзначаецца, што з пачатку года падчас сваёй працы ў свеце загінулі 45 журналістаў, у тым ліку 13 — на Блізкім Усходзе. Станам на 1 снежня ў закладніках заставаліся 54 журналісты, больш за палову з іх — у Сірыі (38). Яшчэ 84 журналісты лічацца зніклымі без вестак.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.