Што вядома пра здарэнне на Светлагорскім ЦКК, у якім загінулі людзі
На месцы, дзе адбыўся выбух / t.me/mchs112by/
Гаварыць пра дакладную колькасць загінулых і пацярпелых на Светлагорскім цэлюлозна-кардонным камбінаце зарана, мяркуюць у Следчым камітэце. Усе завалы яшчэ не разабралі.
"Праведзены частковы візуальны агляд лакацыі здарэння, на якой ліквідаваныя наступствы выбуху і выяўленыя фрагменты чалавечых парэшткаў, — кажа афіцыйны прадстаўнік СК Аляксандр Сухадольскі. — Частка тэрыторыі яшчэ недаступная для паўнавартаснага агляду. Цяпер казаць пра дакладную колькасць пацярпелых і загінулых заўчасна".
Пасля "нейтралізацыі наступстваў выбуху" следчыя будуць дапушчаныя да месца здарэння і правядуць агляд усёй тэрыторыі. А пакуль на камбінаце ідуць допыты, вымаецца дакументацыя.
7 чэрвеня ў адным з цэхаў Светлагорскага ЦКК (Гомельская вобласць) адбыўся выбух. Ратавальнікі атрымалі паведамленне ў 15:34. Яны напісалі, што гэта была "ўспышка газапаветранай сумесі без наступнага гарэння". Адзначалася, што "вядуцца працы па пошуку двух рабочых прадпрыемства, якія праводзілі рэгламентныя працы".
Мясцовыя СМІ паведамілі, што здарэнне адбылося на заводзе беленай цэлюлозы. На яго тэрыторыі працавалі экстраныя службы. Адтуль выцякала нейкая вадкасць, якую засыпалі апілкамі. Старшыня Светлагорскага райвыканкама Дзмітрый Шабетнік заявіў, што з 2 чэрвеня праца завода беленай цэлюлозы Светлагорскага ЦКК была прыпынена. Пры правядзенні прафілактычных і рамонтных работ у адным з цэхаў "пры прамыванні цеплаабменніка адбыўся выбух".
Кіраўнік горада сцвярджаў, што "пагрозы для жыцця і здароўя насельніцтва няма". Аднак на месцы працавала група спецыялістаў занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, якая праводзіла даследаванні. Мінаховы здароўя паведаміла, што пацярпелі 4 чалавекі ва ўзросце 30-40 гадоў. Ва ўсіх "дыягнаставаны паверхневыя раны галавы і паверхневыя апёкі рук". Пасля аказання меддапамогі ад шпіталізацыі яны адмовіліся.
Пасля стала вядома, што ў выніку выбуху абрынуліся будаўнічыя канструкцыі і ідзе разбор завалаў: "У выніку пашкоджаныя металічныя абшыўкі трох рэзервуараў. Парушаная цэласнасць аднаго з рэзервуараў. Пашкоджаны суседнія будынкі". Начальнік Светлагорскага РАНС Андрэй Высоцкі распавёў, што ратавальнікі знайшлі парэшткі "меркавана траіх чалавек". І працы працягваліся. Гэта пасля пацвердзіў Следчы камітэт. Крымінальную справу распачалі па артыкуле "Парушэнне правілаў вытворча-тэхнічнай дысцыпліны, правілаў бяспекі на выбухованебяспечных прадпрыемствах або ў выбухованебяспечных цэхах альбо правілаў бяспекі выбухованебяспечных работ".
На будаўніцтва гэтага Светлагорскага ЦКК лукашэнкаўскі ўрад патраціў $850 млн, з іх $654 млн узялі ў крэдыт у кітайскіх банкаў. Камбінат здалі з 5-гадовай затрымкай, і сённяшняе надзвычайнае здарэнне на ім — далёка не першае.
Летась на Светлагорскім цэлюлозна-кардонным камбінаце быў пажар. А ў 2020 годзе на Светлагорскім ЦКК за некалькі месяцаў адбыліся некалькі трагедый, якія прывялі да смерці людзей. 30 ліпеня на заводзе беленай цэлюлозы была аварыя, падчас якой пацярпелі два работнікі. Адзін з іх потым загінуў. 19 кастрычніка пры зварачных работах адбыўся выбух і пажар на ёмістасці з талавым алеем. Загінуў зваршчык, які зваліўся з вышыні ад выбухной хвалі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.