Пасля выбуху на Светлагорскім ЦКК распачалі крымінальную справу

Каля Светлагорскага цэлюлозна-кардоннага камбіната / t.me/ranak_me/
Каля Светлагорскага цэлюлозна-кардоннага камбіната / t.me/ranak_me/

Следчы камітэт не назваў колькасць пацярпелых на Светлагорскім цэлюлозна-кардонным камбінаце. 7 чэрвеня там адбылася "ўспышка газапаветранай сумесі". На месцы працуюць следчыя і эксперты. Крымінальную справу распачалі па артыкуле "Парушэнне правілаў вытворча-тэхнічнай дысцыпліны, правілаў бяспекі на выбухованебяспечных прадпрыемствах або ў выбухованебяспечных цэхах альбо правілаў бяспекі выбухованебяспечных работ".

Раней ратавальнікі паведамлялі, што "вядуцца працы па пошуку двух рабочых прадпрыемства, якія праводзілі рэгламентныя працы". Мінаховы здароўя паведамляе, што пацярпелі 4 чалавекі ва ўзросце 30-40 гадоў. Ва ўсіх "дыягнаставаны паверхневыя раны галавы і паверхневыя апёкі рук". Пасля аказання меддапамогі ад шпіталізацыі яны адмовіліся.

Здарэнне адбылося на заводзе беленай цэлюлозы. На яго тэрыторыі працавалі экстраныя службы. Адтуль выцякала нейкая вадкасць, якую засыпаюць апілкамі.

Старшыня Светлагорскага райвыканкама Дзмітрый Шабетнік заявіў, што пры правядзенні прафілактычных і рамонтных работ у адным з цэхаў "пры прамыванні цеплаабменніка адбыўся выбух". Ён сцвярджае, што "пагрозы для жыцця і здароўя насельніцтва няма". Аднак на месцы працуе група спецыялістаў занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, якая праводзіць даследаванні.

На будаўніцтва гэтага Светлагорскага ЦКК лукашэнкаўскі ўрад патраціў $850 млн, з іх $654 млн узялі ў крэдыт у кітайскіх банкаў. Камбінат здалі з 5-гадовай затрымкай, і сённяшняе надзвычайнае здарэнне на ім — далёка не першае.

Летась на Светлагорскім цэлюлозна-кардонным камбінаце быў пажар. А ў 2020 годзе на Светлагорскім ЦКК за некалькі месяцаў адбыліся некалькі трагедый, якія прывялі да смерці людзей. 30 ліпеня на заводзе беленай цэлюлозы была аварыя, падчас якой пацярпелі два работнікі. Адзін з іх потым загінуў. 19 кастрычніка пры зварачных работах адбыўся выбух і пажар на ёмістасці з талавым алеем. Загінуў зваршчык, які зваліўся з вышыні ад выбухной хвалі.

Пасля выбуху на Светлагорскім ЦКК распачалі крымінальную справу
t.me/skgovby/

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі