Два работнікі Светлагорскага ЦКК трапілі ў лякарню пасля змены
Два рабочыя падраднай арганізацыі пасля змены на Светлагорскім цэлюлозна-кардонным камбінаце апынуліся ў лякарні. Жонка аднаго з іх кажа, што мужчыны маглі атруціцца хлорам на працы.
Па словах жанчыны, здарэнне адблося ў працоўную суботу, 16 студзеня.
"Муж прыйшоў з працы, і ў яго пачаліся ваніты, стаў задыхацца. Я выклікала "хуткую". Медыкі аказалі першую дапамогу і забралі мужа ў бальніцу. Аб тым, што здарылася я паведаміла яго кіраўніцтву. Напарнік мужа звярнуўся па дапамогу да медыкаў на наступны дзень, калі яму стала горш. Пасля гэтага Нам тэлефанавалі майстар, начальства, выказвалі занепакоенасць", — перадае ranak.me словы жанчыны.
Яна кажа, што з-за маразоў працоўнае памяшканне на заводзе не праветрывалі. Муж адчуў моцны пах хлору і паведаміў майстру.
"Там сталі нешта рабіць, прагучала фраза "перавышэнне хлору". Брыгада працавала ў рэспіратарах, якія абараняюць хіба што ад пылу. Такой абароны, як у рабочых ЦКК, у іх не было", — удакладняе жанчына.
Цяпер, па яе словах, муж адчувае сябе здавальняюча.
Дарэчы, медыкі паведамілі пра шпіталізаваных у міліцыю — тая занялася праверкай інцыдэнта.
Галоўны інжынер Светлагорскага ЦКК Аляксандр Камандзірчык заявіў журналістам, што на заводзе нічоге не адбылося. Пацярпелых рабочых падраднай арганізацыі, па яго словах, забралі не з завода, а з дому.
"Мае людзі, якія працавалі там жа, у гэтым цэху (цэх не спыняў сваю працу ні на хвіліну) — усе працуюць. Аднаго забралі ў суботу з дому, другога забралі ў нядзелю з дому, а мае людзі як працавалі, так і працуюць. У мяне ўсе людзі жывыя і здаровыя. І гэтыя людзі сышлі з майго прадпрыемства жывымі і здаровымі", — падкрэслівае галоўны інжынер.
Па яго словах, галоўны саніатрны лекар таксама не мае ніякай інфармацыі пра пазаштатную сітуацыю.
У 2020 годзе на Светлагорскім ЦКК за некалькі месяцаў адбыліся некалькі трагедыяў, якія прывялі да смерці людзей. 30 ліпеня на заводзе беленай цэлюлозы здарылася аварыя, падчас якой пацярпелі два работнікі. Адзін з іх потым загінуў.
19 кастрычніка пры зварачных работах адбыўся выбух і пажар на ёмістасці з талавым алеем. Загінуў зваршчык, які зваліўся з вышыні ад выбухной хвалі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.