Беларускім кампаніям дазволілі атрымліваць аплату за экспарт — гатоўкай
Беларускім кампаніям дазволілі атрымліваць аплату за экспарт гатоўкай (наяўнай валютай). Адпаведнае рашэнне прынялі Савет міністраў і Нацбанк, паведамляе прэс-служба ўрада.
За экспарт тавараў, работ і паслуг беларускія юрыдычныя асобы могуць атрымліваць ад нерэзідэнтаў Беларусі наяўную замежную валюту (долары ЗША, еўра, кітайскія юані). Атрыманыя грошы яны павінныя пералічваць на банкаўскія рахункі ў Беларусі.
Гэтая мера тлумачыцца дзейнасцю ва ўмовах заходніх санкцый "і складанасці правядзення разлікаў у безнаяўнай форме па валютных экспартных дагаворах".
Дзейнічаць гэтае новаўвядзенне будзе пасля афіцыйнай публікацыі пастановы і па 31 снежня 2023 года.
Як вядома, шэраг беларускіх банкаў трапіў пад санкцыі ЕС і быў адключаны ад сістэмы SWIFT.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.