Беларусы гоняць мігрантаў да мяжы на ўсёй яе даўжыні — польскі генерал
Пасля з'яўлення ў Беларусі вагнераўцаў польскае Мінабароны ўзмацніла вайсковую прысутнасць на мяжы / РАР
Беларускія спецыяльныя службы, задзейнічаныя на мяжы, апошнім часам адчуваюць праблемы, мяркуе камандуючы аператыўнай групай "Падляшша", брыгадны генерал Аркадыюш Мікалайчык. Пра гэта ён расказаў у інтэрв'ю РАР.
Праблемы пачаліся на фоне ўзмацнення польскай прысутнасці ля мяжы. Польскія сілы, са слоў генерала, робяць акцэнт на ўдасканаленні сувязі і сістэмы кіравання на мяжы, павышаны ўзровень манеўранасці. "Мы лепш чытаем сітуацыю, хутчэй робім высновы і адэкватна рэагуем", — адзначыў Мікалайчык. На беларускім баку, на яго думку, складваецца больш нервовая сітуацыя і "праблемы па той бок мяжы ўзраслі". У прыватнасці, складаней стала з перапраўкай мігрантаў.
"Відаць, што яны знаходзяцца пад вялікім ціскам, і немагчымасць пераправіць мігрантаў праз нашу мяжу азначае, што ў іх ёсць праблемы не толькі з кіраваннем гэтай аперацыяй, але і з кіраваннем людзьмі, якіх яны сабралі на сваім баку", — кажа Мікалайчык. Паводле яго слоў, беларускія службы "гоняць мігрантаў да самай мяжы ў прынцыпе на ўсёй яе даўжыні".
Мікалайчык казаў і пра пагрозу з боку групы Вагнера. Рызыка захоўваецца, таму польскія службы мусяць быць, паводле яго, гатовыя да любых варыянтаў. Нагадаем, што пасля з'яўлення ў Беларусі вагнераўцаў польскае Мінабароны ўзмацніла вайсковую прысутнасць на мяжы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.