Brutto дапамаглі дому-інтэрнату, дзе жыў бацька Сяргея Міхалка

Brutto дапамаглі дому-інтэрнату, дзе жыў бацька Сяргея Міхалка

Музыкі гурта Brutto пералічылі частку збораў з канцэрта ў "Мінск-Арэне" на рахунак мінскага Дома-інтэрната для пенсіянераў і інвалідаў. Прадзюсар гурта Антон Азізбекян апублікаваў у Фэйсбуку падзяку ад кіраўніцтва інтэрната.

"У інтэрнаце пражывае 390 чалавек. Людзі, якія пражываюць у доме-інтэрнаце, у большасці сваёй самотныя, не маюць сваякоў, часта дзесяцігоддзямі не пакідаюць тэрыторыю інтэрната", — піша ў лісце дырэктар установы Вера Ляйкоўская.

Brutto дапамаглі дому-інтэрнату, дзе жыў бацька Сяргея Міхалка

Чаму Brutto раптам заняліся дабрачыннасцю? Антон Азізбекян кажа, што выбар на карысць гэтага інтэрната зрабіў асабіста Сяргей Міхалок:

"Выбралі іх, таму што там ляжаў бацька Сяргея. Сяргей вырашыў дапамагчы людзям, якія клапаціліся пра яго бацьку. І мы хочам, каб дапамога была адрасная".

Бацька музыкі, Уладзімір Міхалок — былы вайсковец. Разам з сям'ёй ён жыў у Германіі, у Сібіры і на Алтаі. Пра гэты перыяд свайго жыцця Сяргей спявае ў песні "Железный", адным з апошніх хітоў "Ляпіса Трубяцкога". Калі гурт трапіў пад забарону, і Міхалок-малодшы быў вымушаны з'ехаць з Беларусі, яго бацька застаўся ў краіне. Ён памёр у лістападзе 2012 года пасля працяглай хваробы. Сяргей Міхалок шкадуе пра тое, што яго бацька пайшоў з жыцця, так і не патрапіўшы на яго канцэрт у Мінску.

Brutto дапамаглі дому-інтэрнату, дзе жыў бацька Сяргея Міхалка
Дом-інтэрнат для пенсіянераў і інвалідаў у Мінску. Фота: TUT.by.

У інтэрнаце, дзе жыў Уладзімір Міхалок, пра яго зорнага сына нічога не ведалі. Працягвае Вера Ляйкоўская:

"Нічога не казала пра тое, што гэта бацька рок-зоркі. Сяргей прыязджаў, але ж я яго як рок-зорку не ведаю. Ён прыходзіў, як звычайны наведнік. Я, калі шчыра, зусім нядаўна даведалася, што гэта Міхалок. Рок — не рок... "

Суму, якую Brutto ахвяравалі інтэрнату, ні гурт, ні ўстанова не агучваюць. "Мы самі арганізатары свайго тура, і мы бачым, што канцэрт ідзе на ўпэўнены аншлаг. Ведаем выдатковую і прыбытковую часткі. І палічылі магчымым і патрэбным на гэтым этапе пералічыць перадаплату ў выглядзе канкрэтнай дапамогі", — працягвае Антон Азізбекян.

Па словах Веры Ляйкоўскай, Brutto — не адзіныя музыкі, якія ахвяруюць грошы інтэрнату. Адной дзяўчынкай апекаваўся Аляксандр Ціхановіч. Але не тое, каб у інтэрната шмат спонсараў. "Рэдка бывае такое, што прыходзяць людзі, якія хочуць дапамагчы. Але вось канец 2016, пачатак 2017 — неяк пайшлі людзі, і тэлефануюць. То бок, цяпер вось гэтае мецэнацтва (ці як гэта назваць) пачынае развівацца", — кажа яна.

Brutto дапамаглі дому-інтэрнату, дзе жыў бацька Сяргея Міхалка
Віталь Гуркоў з Brutto таксама займаецца дабрачыннасцю: падтрымлівае байцоўскі клуб "Патрыёт".

Грошы, якія ахвяравалі Brutto, пойдуць на сродкі для рэабілітацыі жыхароў інтэрната. "Для масажу інвалідаў ёсць спецыялізаваныя ванны, — дадае Вера Ляйкоўская. — Збіраем на іх. Мы цягам трох месяцаў мусім даць спонсару справаздачу: што мы набылі на гэтыя грошы".

Інтэрнат фінансуецца з бюджэту. Яго дырэктар кажа, што эканамічная рэцэсія тут не адчуваецца, фінансаванне не змяншаецца.

Канцэрт Brutto у Мінску адбудзецца 8 сакавіка. Квіткі каштуюць ад 30 да 60 рублёў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі