БТ пакажа цырымонію адкрыцця Алімпіяды ў жывым эфіры
Белтэлерадыёкампанія пакажа ў прамым эфіры цырымонію адкрыцця ХХХІ Алімпійскіх гульняў, а затым паўторыць яе ў запісу для тых гледачоў, у каго не будзе магчымасці назіраць за пачаткам найбуйнейшага спартыўнага форуму ў ноч на 6 жніўня, паведамляе БелаПАН.
Урачыстая цырымонія адкрыцця Алімпійскіх гульняў адбудзецца на стадыёне Марыё Фільё. Ён размешчаны ў Рыа-дэ-Жанейра і з'яўляецца самай вялікай футбольнай арэнай Бразіліі. Легендарны стадыён збярэ каля 80 тысяч ахвотных на свае вочы паназіраць за адкрыццём летняй Алімпіяды.
Цырымонія будзе доўжыцца больш за тры гадзіны. Арганізатары абяцаюць маляўнічае шоу, у якім будзе выкарыстана 3000 кг феерверкаў і задзейнічана 10000 валанцёраў. Іншыя асаблівасці грандыёзнага шоу, падрыхтаванага да адкрыцця, трымаюцца ў сакрэце.
Беларускія гледачы змогуць убачыць адкрыццё Алімпіяды 5 жніўня на тэлеканале "Беларусь 1". У 1.15 пачнецца трансляцыя шоу, за 10 секунд да 2.00 будзе дадзены старт адваротнага адліку афіцыйнага адкрыцця Гульняў.
Днём 6 жніўня тэлеканалы "Беларусь 1" (15.45) і "Беларусь 5" (11.20) пакажуць паўтор ўрачыстага адкрыцця Гульняў.