Buben Naruszewicz Baisan выдалі аналагавы альбом аднім дублем (слухаць)
Трыа Buben Naruszewicz Baisan выдала другі паўнафарматны альбом “Enighet Ensamhet” (у перакладзе са шведскай ― “Адзінства адзіноты”), які запісаны ў адзін дубль і на аналагавым абсталяванні.
“Атрымліваецца, што другі альбом цалкам адрозніваецца ад першага хоць бы па прынцыпе свайго стварэння, ― кажа паэт Алесь Плотка, які выступае пад псеўданімам Baisan. ― Для першага альбома я асобна пісаў партыі голасу, асобна Лёня Нарушэвіч пісаў гітару, а Улад Бубен сам ужо ўсё гэта прадзюсаваў і зводзіў, як яму хацелася. Але за кошт імправізацыі ўжывую гэта ўсё гучыць больш драйвова і качова, таму для наведвальнікаў канцэртаў было пэўнае несупадзенне запісу і жывых выступаў. Таму гэтым разам мы проста сабраліся ўтрох і імітавалі такі жывы выступ, такі джэм з аднаго дубля. У выніку атрымалася даволі добра, і мы вынікам засталіся задаволеныя”.
Па словах музыкаў, вельмі добра апісвае новы альбом шведская мадэль светаадчування Лагом: максімальная свабода для кожнага з павагай да межаў іншага. Таму і назвай дыска сталі два цэнтральныя тэрміны гэтай філасофіі: адзінства і адзінота.
Лонгплэй традыцыйна складаецца з твораў на беларускай і англійскай мовах. Упершыню разам з вершамі Байсана гучыць і spoken-word, філасофскі тэкст Стася Раманчука, які раней выйшаў асобным сінглам.
“Аднойчы позна ноччу прачытаў пост сябра па Facebook і адчуў, што гэта такі новы жанр мужчынскага поста пра пачуцці, які відавочна напісаны нападпітку, і напэўна на раніцу стане падзамочным, ― распавядае пра трэк Baisan. ― Я ўбачыў у гэтым вялікі літаратурны філасофскі складнік, і хуценька яго захаваў, а на раніцу спытаў дазволу на выкарыстанне. Так і з’явіўся такі тэксцік пра мігранцкае жыццё, які стаў маім любімым творам. Бо гэта такая праўда жыцця, якую ў мастацкім творы можна намагацца шукаць год-два, каб кранала і было шчыра”.
У планах гурта — выданне адмысловай англамоўнай кампіляцыі для сусветнага слухача, запісу канцэрта-прэзентацыі дэбютнага альбома “Bulbahuana” ў праекце Біт-кафэ і відэаверсіі аднаго з канцэртаў.
Бліжэйшы выступ Buben Naruszewicz Baisan адбудзецца 22 ліпеня на фестывалі “Імпралета” ў музеі Азгура. А да гэтага часу музыкі будуць выступаць паасобку: у траўні выйдзе міні-альбом Улада Бубена з украінскай паэткай Angie Siveria, вершы Байсана можна будзе паслухаць ужывую ў Кіеве, Гомелі і Чарнігаве (19, 20, 27, 28), а музыку Леаніда Нарушэвіча ― 20 траўня ў музеі Багдановіча.