Чарнобыльскі турызм: што паказваюць на экскурсіі ў беларускую Зону адчужэння
На пачатку красавіка 2019 года — праз 33 гады пасля трагедыі на ЧАЭС — Беларусь адкрыла Зону адчужэння для экскурсій. Падарожжа ў Зону пачынаецца ў Хойніках — горадзе, размеркаваннем у які пужаюць студэнтаў. Тут працуе адміністрацыя ПДРЭЗ — Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка.
Плошча запаведнай зоны складае больш за 216 тысяч гектараў. Яшчэ 260 тысяч гектараў “чарнобыльскіх” зямель — па ўкраінскі бок мяжы.
Журналіст Еўрарадыё Раман Пратасевіч двойчы бываў у Зоне са сталкерамі. А цяпер, каб параўнаць уражанні, выправіўся на “афіцыйную” экскурсію. І вось з чым вярнуўся назад.
Гэтыя паездкі — не турызм
Па пропуск на наведванне Зоны адчужэння трэба звяртацца ў Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Калі вы хочаце трапіць у Зону ў прыватным парадку, запыт з абгрунтаваннем прычын трэба накіроўваць у адміністрацыю зон адсялення і адчужэння МНС. Для арганізаваных экскурсій усё прасцей — абгрунтоўваць нічога не трэба, дакументы аформяць спецыялісты.
Экскурсія пачынаецца ў Хойніках. Тут на ўскрайку горада знаходзіцца адміністрацыя Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка. Тут спецыялісты правяраюць усе неабходныя дазволы і, калі ўсё добра, даюць канчатковы дазвол на наведванне тэрыторыі запаведніка, на якой і знаходзіцца Зона адчужэння.
Мы ж, атрымаўшы канчатковы папяровы дазвол на рукі, сустракаемся з Максімам Кудзіным, намеснікам дырэктара па навуковай рабоце запаведніка. Разам з ім і адпраўляемся да найбліжэйшага КПП Зоны адчужэння, які знаходзіцца ў вёсцы Бабічы. Па дарозе даведваемся, што тэрыторыя Зоны адчужэння з часам не памяншаецца, а, наадварот, павялічваецца.
Тэрыторыя запаведніка знаходзіцца пад наглядам адразу 6 ведамстваў. Калі “пытанні” ўзнікнуць па лініі ўсіх адказных арганізацый, можна атрымаць штраф аж да $25 тысяч! І гэта адна з прычын, чаму сталкераў у беларускай Зоне нашмат менш, чым ва ўкраінскай. У асноўным “дзікіх” ловяць на чыгуначных пуцях — вядомым маршруце, па якім за некалькі гадзін можна трапіць амаль на саму ЧАЭС.
Максім адзначае: афіцыйныя наведвальнікі былі ў запаведніку заўсёды. Экскурсіі праводзіліся для чыноўнікаў, “профільных” студэнтаў і замежных дэлегацый. Цяпер жа доступ адкрыты і для іншых наведвальнікаў.
— Называць такія паездкі турызмам катэгарычна нельга, — кажа Максім Кудзін. — Перш за ўсё, трэба разумець, што такое турызм. Турыстамі можна было б назваць людзей, якія надоўга спыняліся б тут. У нас гэта немагчыма не толькі з той прычыны, што адсутнічае якая-небудзь турыстычная інфраструктура, але і таму, што знаходзіцца тут доўга пакуль што нельга. Называць наведвальнікаў запаведніка турыстамі будзе няправільна.
Тым часам даязджаем да КПП “Бабчын”. Трапіць далей можна толькі прад’явіўшы пропуск. У нас хутка правяраюць дакументы, і вось — мы трапляем у Зону.
Сустрэць двухгаловую рыбіну — гэта наўрад
Непадалёк ад КПП знаходзіцца база вучоных: лабараторыі, кабінеты, жылыя памяшканні і нават невялічкая сталоўка. Супрацоўнікі запаведніка жывуць тут вахтавым метадам: два тыдні ў Зоне, два — на адпачынку дома. На тэрыторыі комплексу ёсць яшчэ адзін будынак — музей.
Вось туды перш за ўсё і накіроўваемся. Экскурсію праводзіць навуковец Дзмітрый Іванцоў — ён працуе ў Зоне некалькі гадоў, а апошнім часам паглыблена займаецца вывучэннем воднай экасістэмы і шматлікіх рыб, якія жывуць на тэрыторыі запаведніка. Музей складаецца з чатырох частак. Першая зала — нешта накшталт мемарыяла. Тут сабраны самыя розныя экспанаты — ад пропускаў першых супрацоўнікаў беларускай Зоны да дазіметраў самых розных варыянтаў. Тут таксама размаляваныя сцены — на іх вялікая карта запаведніка, спіс адселеных вёсак, а таксама плошчы страчаных тэрыторый. Выглядае ўсё трагічна.
Наступныя дзве залы прысвечаныя раслінам і жывёлам Зоны адчужэння. У запаведніку жывуць шматлікія чырванакніжныя жывёлы: ад чарапах да арланаў і рысяў. І гэта зразумела. Чалавек тут больш не гаспадар, а прырода адваёўвае тэрыторыі і адраджае жыццё. Але самая нечаканая зала музея — апошняя. Тут паказваецца быт старажытных людзей, якія жылі ў гэтых мясцінах задоўга да будаўніцтва Чарнобыльскай АЭС.
У навуковай частцы комплексу амаль без перапынкаў праходзяць самыя розныя даследаванні. У адной лабараторыі могуць даследаваць спектр выпрамянення асобна ўзятай часціцы, а праз сценку — рабіць анатамаванне прамой кішкі памерлага кабана. І так дзень за днём. Асобнае месца займаюць даследаванні, звязаныя з гаспадарчай дзейнасцю на тэрыторыі запаведніка. Напрыклад, тут кантралююць здабычу дрэва: змешваюць гатункі атрыманых апілак, сушаць, мочаць, адсейваюць, замяраюць фон у рознай колькасці і агрэгатным стане.
Апошні кабінет, у які заходзім, — гэта працоўнае месца Дзмітрыя Іванцова. Унутры стаіць выразны пах мёртвай рыбы. Гледзячы на твар журналіста, навуковец пачынае пасміхацца: маўляў, даводзілася нюхаць і не такое. У спектрометры побач з яго сталом ляжаць кавалкі рыбы, вылаўленай дзеля правядзення замераў.
— Каб вы разумелі, у запаведніку цячэ не толькі Прыпяць са сваімі шматлікімі прытокамі і старыцамі. У нас тут сотні кіламетраў меліярацыйных каналаў, якія раней актыўна выкарыстоўваліся супраць забалочвання. А зараз усё адбываецца наадварот і дзякуючы такім каналам утвараецца новая балотная экасістэма. Гэта не добра і не дрэнна — прырода сама рэгулюе наваколле, — распавядае Іванцоў.
Навукоўцу задаюць пытанне пра шматметровых самоў, якія нібыта жывуць каля Чарнобыльскай станцыі.
— Сустрэць двухгаловую рыбіну ці нешта такое — гэта наўрад. Да таго ж прыроджаныя мутацыі адбываюцца і без удзелу радыяцыі, дастаткова пашукаць фота ў інтэрнэце, і вы пабачыце, што гэта можа адбыцца дзе заўгодна, — адказвае навуковец. — Мая задача — вывучаць, як могуць назапашвацца радыеактыўныя часціцы ў розных тканках розных рыб. І я магу сказаць, што ўсё залежыць не толькі ад вадаёма. Зразумела, што ў рацэ ўзроўні будуць нашмат меншыя, чым у якім-небудзь невялічкім штучным вадаёме, з якога нават няма сцёку. Узровень назапашвання залежыць не толькі ад узросту, але і ад віду і нават ад полу рыбы. Так што ад кожнага новага экзэмпляра нават не ведаеш, чаго чакаць.
— А самі землі ў Зоне — ці рэальна сюды вярнуцца людзям?
— Гэта цяжкае пытанне. Вядома, што і расліны, і жывёлы, і людзі будуць прызвычайвацца да любых умоў выжывання. Але тут сітуацыя такая, што нешта можа выжыць і пры экстрэмальна высокіх узроўнях радыяцыі, недзе 1 % папуляцыі са 100. А пры нізкіх узроўнях, наадварот, выжыве 99 % папуляцыі. Але хто хоча, каб гэты 1 % складалі людзі?
Каштоўнасць Зоны адчужэння ў тым, што мы маем абсалютна ўнікальны “палігон”, на якім прырода адваёўвае ў чалавека пазіцыі і тэрыторыі. Гэта прыцягвае ўвагу натуралістаў з усяго свету — у нас тут ледзь не паломніцтва бёрдвотчараў [людзей, якія назіраюць за птушкамі. — Еўрарадыё], нядаўна нават з Брытаніі прыязджалі да нас і засталіся ў захапленні ад таго, што пабачылі. Але мы ўжо прызвычаіліся — бывае, плывеш на лодцы, а побач над вадой ляцяць драпежныя птушкі. І гэта цудоўна.
КПП “Майдан”: 30 кіламетраў да ЧАЭС
Экскурсія працягваецца — мы паглыбляемся ў Зону адчужэння. Разам з Юрыем Марчанкам, кіраўніком аддзела радыяцыйна-экалагічнага маніторынгу, садзімся ў машыну і адпраўляемся да наступнага КПП, які называецца “Майдан”. За ім ідуць глухія мясціны. Тут пачынаецца 30-кіламетровая Зона адсялення, абазначаная калючым дротам.
Дзяжурны на КПП пераправярае дакументы, а пасля адчыняе вароты і жадае ўдачы. Машына пачынае пятляць па дарозе, на якой разбітыя адрэзкі чаргуюцца з адрамантаванымі. Як кажа наш гід, перыядычна нейкія грошы атрымліваецца вылучыць на дарожны рамонт. Тады латаюцца адрэзкі, якія знаходзяцца ў найгоршым стане.
Наш наступны прыпынак — пасёлак Пагоннае, у якім жыло больш за 1500 чалавек, была свая школа, крама і банк. Машына спыняецца на невялікім пятачку паміж “канторай” і Домам культуры. Непадалёк стаіць помнік, прысвечаны падзеям Другой сусветнай вайны, — ён моцна вылучаецца, бо салдаты на ім нядаўна пафарбаваныя, а на пляцоўцы перад ім, відавочна, нядаўна была прыборка. Юрый кажа, што супрацоўнікі запаведніка сочаць за парадкам побач з усімі помнікамі ў Зоне (усяго іх 53). Тое ж датычыцца і могілак, якіх на тэрыторыі запаведніка 89.
Час у вёсцы сапраўды спыніўся адразу пасля эвакуацыі. На падлозе “канторы” валяюцца бухгалтарскія кнігі. Шафы перакуленыя, у кутах стаяць партрэты Леніна. У будынку сыра, столь пачала абвальвацца, а пад нагамі рыпяць дошкі.
Да дошкі аб’яў ля Дома культуры прыбіты партрэт Пушкіна. Унутры захаваліся артэфакты — старыя чорна-белыя здымкі ў файліках, падзеленыя па рубрыках накшталт “Так мы працавалі”, “Так адпачывалі” і г. д. Людзі прыязджаюць сюды на Радаўніцу, каб наведаць могілкі сваіх родных, а таксама пагуляць па месцах сваёй маладосці.
У актавай зале — россып транспарантаў, таблічак і расцяжак. Гэта мясцовыя масавікі-зацейнікі рыхтаваліся да Дня працы ў красавіку 1986 года ці сталкеры стварылі своеасаблівую выстаўку — ніхто не ведае. Увогуле, у Зоне зроблена шмат кранальных здымкаў з лялькамі, дзіцячым абуткам ці процівагазамі невялікіх памераў. Верыць такім фота наўрад ці трэба: у 99 выпадках са 100 гэта пастановачныя інсталяцыі, на якіх эпічнасць і трагічнасць — штучныя.
Што праўда, і сапраўднай трагедыі ў Зоне хапае. У школе, што знаходзіцца за пару сотняў метраў ад ДК, гаспадараць мышы. На палічках у кабінеце хіміі дагэтуль стаяць колбачкі з рэагентамі. На іншых палічках — сотні сшыткаў, папак і журналаў.
Побач стаяць аднапавярховыя карпусы мясцовай бальніцы. Падысці да іх цяжка: усё ўшчэнт зарасло кустарнікам і невялічкімі дрэвамі. Унутры — пакінутыя ложкі, у шафах — шпрыцы, ампулы і запячатаныя скрынкі з лекамі. Гэтыя лекі ўжо дакладна нікому не дапамогуць.
Сталкерскі вердыкт
Беларуская Зона адчужэння дужа адрозніваецца ад украінскай. Там — мёртвыя гарады і прадпрыемствы, закінутыя ваенныя аб’екты, куды можна трапіць, схаваўшыся ад аховы. Тут — навука і прырода. Затое афіцыйна. Для чалавека, які пабачыў “сапраўдную” Зону і гуляў па даху недабудаванага энергаблока ЧАЭС, глядзець няма на што.
Тым не менш некаторыя беларускія “аб’екты” амаль не адрозніваюцца па атмасферы ад таго, што можна пабачыць у мёртвай Прыпяці, — школы, мясцовыя ДК, пакінутыя дамы. І яны нават выйграюць у плане захаванасці — тут не было столькі марадзёраў і сталкераў, якія разабралі “аб’екты” на сувеніры.
Але калі вы ніколі не былі ў Зоне адчужэння — ехаць адназначна варта. Найперш, каб перанесціся ў 1986 год, адчуць тую атмасферу. І паглядзець, як цяпер прырода вяртае сабе тое, што некалі забраў чалавек. Да таго ж вам можа пашанцаваць — экскурсаводам акажацца той, хто жыў у гэтых мясцінах падчас трагедыі і эвакуацыі. Тады можна пачуць рэальныя гісторыі, імёны і нават знайсці артэфакты таго часу. А гэта бывае нашмат цікавей, чым проста глядзець на пакінутыя прадпрыемствы.
Агулам у беларускай Зоне адчужэння знаходзіцца 96 закінутых вёсак. У 1986 годзе там жыло больш за 22 тысячы чалавек. Шкілеты кінутых будынкаў яшчэ доўга будуць служыць нямымі помнікамі самай вялікай тэхнагеннай катастрофе ў гісторыі чалавецтва.