Чатыры хакейныя клубы з Беларусі купляюць клюшкі на 750 тысяч долараў

Хакейныя клубы “Шахцёр”, “Гомель”, “Ліда” і “Металург” набываюць для сваіх каманд на будучы сезон болей за 3200 клюшак на агульную суму амаль у 7,5 мільярдаў рублёў. Адпаведныя заяўкі каманд размешчаныя на сайце дзяржзакупак.

“Ёсць прынцып працы, які вызначае закупку зыходзячы з таго, што засталося з мінулага сезона, а таксама зыходзячы з табеля патрэбнасці. Так і па форме, і па клюшках, і па ўсёй экіпіроўцы. Ёсць хакеісты, якія замаўляюць імянныя клюшкі. Клюшкі прафесійныя — Reebook ці Easton, але яны просяць пісаць на іх імёны”, — распавядаюць Еўрарадыё ў жлобінскім “Металургу”. У іх самая маленькая доля з трох згаданых клубаў. На наступны сезон “Металург” плануе набыць каля 500 клюшак прыкладна на 1 мільярд рублёў.

А вось салігорскаму “Шахцёру” патрэбна ажно 1226 клюшак. Адміністратар клуба Веньямін Тачылаў заўважае, што ў іх таксама ўсё згодна з нормамі Мінспорту, але і столькі яны наўрад ці купяць — усё будзе залежаць ад фінансавання.

“4 клюшкі на хакеіста ў месяц — па нормах! А ўявіце, колькі ў КХЛ “Дынама Мінск”? Там, магчыма, і нормаў гэтых няма, — кажа адміністратар. — Па статыстыцы, прыкладна столькі і ламаецца ў нас — 4 клюшкі на месяц, нават топавыя клюшкі ламаюцца. Вы ўявіце: кожны дзень лёд у хакеіста! Хто можа дзве зламаць, хто тры, а хто і сем!”.

Адміністратар заўважае, што ёсць нормы і на форму хакеістаў, і на абмундзіраванне: да прыкладу, на сезон патрэбныя дзве пары пальчатак, шчыток на грудзі — адзін на сезон. І калі ён зламаецца, то яго здаюць у рамонт.

Агульная сума, на якую "гарнякі" хочуць набыць клюшкі, на сайце дзяржзакупак не пазначана. Веньямін Тачылаў кажа, што купляюць прафесійныя топ-клюшкі, кошт якіх — 2 мільёны за штуку. Памнажаем на 1226 і атрымаем 2 мільярды 452 мільёны рублёў.

“У нас клюшкі такія самыя як у хакеістаў КХЛ і НХЛ. Для прафесійных каманд клюшкі аднолькавыя — іншых і няма. І “Гомель”, і “Металург” — усе гуляюць такімі клюшкамі. У мінулым годзе выбіралі больш танны брэнд. Усё ж ад задач залежыць: у нас курс на першае месца ў чэмпіянаце Беларусі. Да таго ж, у гэтым годзе ў нас зорная каманда, яны пачынаюць выбіраць клюшкі: хачу такую ці такую. Потым пытаешся, чаму не першае месца, хлопцы? Могуць сказаць, што не тыя клюшкі былі да прыкладу”.

Па словах адміністратара "гарнякоў", сярэднія заробкі ў клубе не самыя высокія ў экстралізе — усяго 13 мільёнаў рублёў.

“Два гады таму больш-менш добры хакеіст і за 4,5 тысячы долараў не хацеў гуляць. Хакей справа дарагая, але ў Беларусі хакей нават у параўнанні з расійскім беднаваты”, — падсумоўвае Веньямін Тачылаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі