Ці будуць абараняць беларускую апазіцыю літоўскія адвакаты?
Гэта залежыць ад дзеянняў беларускіх судоў і стаўлення выканаўчай улады, лічыць міністр замежных спраў Літвы Аўдронюс Ажубаліс.
Як вядома, у абвінавачаных па справе "19 снежня" паўсталі праблемы пасля таго, як частка беларускіх адвакатаў пазбавілася права на працу або адмовілася абараняць апазіцыянераў. Некаторыя юрысты лічаць, што замяніць беларускіх калегаў маглі б літоўскія адвакаты. Фармальна такую магчымасць адкрывае двухбаковая беларуска-літоўская дамова аб юрыдычнай дапамозе.
"У дадзены момант літоўскія адвакаты аказваюць юрыдычную дапамогу беларускім калегам, адбываюцца кансультацыі. А тое, ці змогуць літоўскія адвакаты аказаць дапамогу абвінавачваным грамадзянам Беларусі, будзе залежаць ад беларускіх судоў і стаўлення выканаўчай улады", — сказаў 22 сакавіка агенцтву BNS міністр Ажубаліс.