Ці могуць спецслужбы атрымаць доступ да пошты беларусаў?
Законам аб аператыўна-вышуковай дзейнасці такая магчымасць прадугледжана.
"Яны могуць запытваць інфармацыю, але, згодна з законам, калі збор інфармацыі закранае канстытуцыйныя правы грамадзян, у тым ліку права на таямніцу перапіскі, такія запыты могуць быць толькі з санкцыі пракурора", — тлумачыць юрыст, дырэктар кампаніі "Надзейныя праграмы" Людміла Чэкіна.
Запыты пра карыстальнікаў электроннай пошты ад праваахоўных органаў сапраўды прыходзяць. Іх атрымоўвае і прадстаўніцтва Яндэкса ў Беларусі, і tut.by.
"Мы не даем доступу да пошты. У нашым выпадку гэта тэхнічна немагчыма, бо сервер знаходзіцца ў кампаніі Google. І такіх запытаў да нас яшчэ не паступала. Думаю, у праваахоўных органаў няма неабходнасці звяртацца з такімі запытамі да правайдараў. У іх свае метады працы. Часцей за ўсё, запытваюць IP-адрасы, з якіх ажыццяўляўся доступ, і дадзеныя, указаныя падчас рэгістрацыі".
Некаторыя звесткі спецслужбы могуць запатрабаваць адпаведна пункту 6 указа № 60: "Пастаўшчыкі інтэрнэт-паслуг абавязаныя ажыццяўляць ідэнтыфікацыю абаненцкіх прыладаў пры аказанні інтэрнэт-паслуг, улік і захаванне звестак аб абаненцкіх прыладах, а таксама сведчанняў аб інтэрнэт-паслугах, што былі аказаныя".
Нядаўна, Microsoft упершыню расказала пра запыты дзяржаўных органаў. Высветлілася, што сярод іх было і 5 запытаў беларускіх сілавікоў, якія цікавіліся ў Microsoft 35 акаўнтамі ў Skype. Пры гэтым усе запыты датычылі толькі агульных звестак пра карыстальнікаў і не закраналі кантэнт (фотаздымкі, перапіску).
У прадстаўніцтва Яндэкса ў Мінску таксама прыходзяць запыты. Цікавяцца інфармацыяй аб уладальніках скрыні. Але іх перанакіроўваюць у Маскву і разглядаюць там. У абодвух кампаніях кажуць, што запыты прыходзяць ужо ў межах заведзенай крымінальнай справы і з санкцыяй пракурора.
"Ёсць у законе магчымасць без узбуджэння крымінальнай справы рабіць запыты для збору доказаў, але на практыцы я з гэтым не сутыкалася", — кажа Людміла Чэкіна.
Хаця, згодна з тым жа законам аб аператыўна-вышуковай дзейнасці, патрабаваць доступ да пошты можна нават без крымінальнай справы, нават калі ёсць падазрэнні.
"Падобная выемка праводзіцца толькі з санкцыі пракурора па ўжо распачатай справе ці калі стала вядома пра тое, што рыхтуецца цяжкае злачынства. Іншая справа, што існуе сістэма, калі спецслужбы могуць адсочваць сітуацыю без удзелу правайдара, каб правайдар нават не ведаў, хто і што іх цікавіць. Сёння такая сістэма мае месца. Усю інфармацыю, якая ім патрэбная ў аператыўным плане, яны могуць атрымаць без правайдара", — распавядае праваабаронца Гары Паганяйла.
Навошта ж тады запыты да правайдараў?
"У шэрагу выпадкаў гэта трэба замацаваць афіцыйна, аформіць працэсуальна для суда, і тады робяцца звароты", — адказвае Паганяйла.
Калі зварот робіцца не ў межах крымінальнай справы, у хадайніцтве да пракурора павінна быць абгрунтаванне і прадстаўленыя неабходныя довады.
"Калі пракурор робіць гэта на падставе закона, ён запатрабуе усё неабходнае і проста так бяздумна не будзе санкцыянаваць", — дадае Гары Паганяйла.
Паводле закона, кожны, хто нават падазрае, што адносна яго вядуцца вышуковыя дзеянні, можа звярнуцца са скаргай да пракурора ці ў суд. Каб там праверылі законнасць такіх дзеянняў. Следчыя ў судзе павінны будуць даказаць, што не ўмешваліся ў асабістае жыццё, альбо ўмешваліся, але на законных падставах.
Атрымаць доступ да Skype беларускія спецслужбы не могуць, бо паміж намі і ЗША не існуе дамовы аб узаемнай прававой дапамозе. Спецыялісты кажуць, што ў 99% выпадкаў спецслужбы атрымоўваюць доступ да асабістых дадзеных праз неасцярожнасць саміх карыстальнікаў. У выніку эксперыменту Еўрарадыё, высветлілася, што, каб даведацца пароль ад скайпа беларуса - дастаткова проста запытаць!
Заканадаўства, якое дае паўнамоцтвы па наглядзе за грамадзянамі ў інтэрнэце, існуе ў многіх краінах. Напрыклад, у ЗША пасля тэракту 11 верасня, быў прыняты "Патрыятычны акт" (USA PATRIOT Act). У Вялікабрытаніі акт "Аб рэгуляванні следчых паўнамоцтваў", які рэгулюе магчымасць ажыццяўляць нагляд у інтэрнэце і перахопліваць лісты і паведамленні ў інтарэсах нацыянальнай бяспекі.