Ці сапраўды Беларусь сусветны лідар па спаме?
Даследаванне “Лабараторыі Касперскага” аспрэчвае гэта, але ў дзесятку мы ўваходзім з 2,5%.
Даследаванне фірмы AppRiver, якое апублікавалі многія беларускія СМІ, кажа пра тое, што наша краіна стала сусветным лідэрам спаме. Ці так гэта, высвятляе Еўрарадыё.
Па дадзеных даследавання, у студзені 2013 года з Беларусі было 3,1 мільёна спам-паведамленняў за дзень. Пачынаючы з красавіка гэтая лічба расце і ўжо павялічылася да 12,3 мільёнаў. Кампанія сцвярджае, што 16,3% сусветнага спаму з — Беларусі і толькі 15,1% — з ЗША.
У кампаніі Белтэлекам Еўрарадыё кажуць, што дадзеныя не верныя.
Звяртаемся да справаздачы “Лабараторыі Касперскага” за красавік 2013 года. Тут Беларусь не на першым месцы, а апошняя ў першай дзесятцы. Гэта па выніках красавіка.
У лідарах — Кітай, затым ЗША — 16,8%, Украіна на 6 месцы — 3,8%, Расія на 7 — 3,3%. На Беларусь прыпадае толькі — 2,5% сусветнага спаму.
Сярод рэгіёнаў лідарам па распаўсюджванні спаму застаецца Азія (55,7%). У красавіку ў першую тройку, як і ў папярэднім месяцы, увайшлі Паўночная Амерыка (17,6%) і Усходняя Еўропа (13,6%).
Працэнт Беларусі ўсё ж высокі, калі браць пад увагу колькасць карыстальнікаў інтэрнэту, якіх у ЗША і Кітаі значна больш. З чым жа можа быць звязана вялікая колькасць спаму?
"Калі гэты спам адпраўляюць з камп’ютараў прыватных асоб або кампаній, гэта магло б сведчыць пра тое, што людзі не дастатковую ўвагу надаюць антывірусным рашэнням. Гэта можна у прынцыпе разглядаць як камп’ютарную гігіену", — мяркуе кіраўнік праекта e-belarus.org Міхаіл Дарашэвіч.
Некаторыя спам-паведамленні ўтрымліваюць траяны, якія ў выніку самі рассылаюць спам ўжо з заражанага камп'ютара.
"Справа не ў карыстальніках інтэрнэту, а ў колькасці спецыялістаў. Ёсць шмат спецыялістаў, якія на гэтым зарабляюць. Адным з самых буйных сусветных спамераў быў украінец. У нашым рэгіёне, у шырокім сэнсе, заўсёды было ўсё нармальна і з тэхналогіямі, і са спамерамі, — кажа стваральнік "Акавіты" Фёдар Караленка. — Раней у Белтэлекама была такая паслуга, як беспарольны доступ у інтэрнэт па дыял-апе. Можна было лавінна спаміць датэлефаноўваючыся з белтэлекамаўскіх айпішнікаў колькі заўгодна. Потым гэта дасягнула такіх маштабаў, што пачаліся скаргі на ўзроўні аператараў сувязі. І Белтэлекам перакрыў порт 20 для адпраўлення пошты. Гэта старая гісторыя з пачатку 2000 гадоў".
Ці увесь спам небяспечны?
З усёй колькасці спам-паведамленняў за красавік 2013 шкодныя ўкладанні ўтрымліваюць толькі 2,4% паведамленняў.
На першым месцы застаецца Trojan-Spy.HTML.Fraud.gen. Гэта старонка імітуе сэрвіс інтэрнэт-банкінгу. Просіць ўвесці асабістыя дадзеныя.
На другім месцы “чарвяк”, які адсылае свае копіі кантактам і можа ўсталёўваць на камп’ютар іншыя вірусы.
А на трэцім той самы “траян”, які можа незаўважна кіраваць камп’ютарам і рассылаць з яго спам. Тады заражаны комп сам становіцца часткай бот-нэту.
Далей ідуць “траяны”, якія крадуць паролі да акаўнтаў, ftp, пошты. Яны збіраюць захаваныя паролі ў браўзерах.