Юзераў з Еўрасаюза папярэдзяць пра сайты, якія кантралююць улады ЗША
Еўрапейскія лідары занепакоеныя назіраннем за сваімі суграмадзянамі. Але абараніць іх перад амерыканскімі спецслужбамі не ў сіле.
Па ўсім свеце не сціхаюць жарсці, звязаныя са зборам звестак пра грамадзян, арганізаваным у інтэрнэце амерыканскімі спецслужбамі з дапамогай спецыяльнай праграмы PRISM. Інфармацыю апублікаваў былы супрацоўнік ЦРУ Эдвард Сноўдэн.
Калі кіраўніцтва нацыянальнай разведкі ЗША прызналася, што назіранне адбываецца толькі за замежнікамі, занепакоенасць у Еўропе толькі ўзмацнілася.
“Я не магу быць шчаслівы ад таго, што грамадзяне ЗША могуць быць абароненыя адпаведным чынам — у чым я таксама не ўпэўнены — але мы не можам, — заявіў нямецкі Федэральны Камісар па абароне дадзеных Петэр Шаар, якому даручана абараняць прыватнае жыццё грамадзян Германіі як ад кампаній, так і ўрадаў. — У інтэрнэце мы не можам адрознівацца, знаходзімся мы ўнутры краіны альбо за яе межамі. Гэта міжнародная сетка, і дадзеныя ідуць па ўсім свеце”.
Згодна з апошняй інфармацыяй, за Германіяй ЗША сочаць нават з асаблівай увагай у параўнанні з іншымі краінамі ЕС. Дарэчы, 19 чэрвеня канцлер Германіі Ангела Меркель сустракаецца ў Берліне з прэзідэнтам ЗША Баракам Абамай. І з ім яна плануе абмеркаваць пытанне збору звестак пра грамадзян ЕС праз амерыканскія спецслужбы.
Тым часам, паводле дадзеных Deutche Welle, еўрапейскія ўлады яшчэ ў сярэдзіне 2011 года ведалі, што ЗША могуць збіраць звесткі пра еўрапейцаў.
“Ці можа нехта патлумачыць, якім можа быць інтарэс да маёй асобы з боку ЗША? Але не варта забываць, што еўрапейскія сістэмы крымінальнага правасуддзя такі інтарэс маюць. І таму для іх магло б быць цікава працаваць у такой кааліцыі”, — задаецца пытаннем блогер і ўдзельнік суполкі па абароне правоў інтэрнэт-карыстальнікаў Digitale Gesellschaft Бенжамін Бергеман.
Жульен Жандэбоз з Цэнтра па вывучэнні канфліктаў кажа, што ў справе кіберзлачыннасці ЕС, у асноўным, абмяркоўваюцца хакеры, крадзяжы персанальных дадзеных і дзейнасць інтэрнэт-кампаній. А па палітычных матывах ЕС закрывае вочы на шпіянаж з боку ЗША, якія для большасці ўрадаў з’яўляюцца важным саюзнікам і гандлёвым партнёрам.
Магчыма, неяк паспрыяе Дырэктыва па абароне дадзеных, якую Еўрапарламент мусіць прыняць у 2014 годзе. У сувязі з апошнімі падзеямі прапануецца папярэджваць еўрапейскіх інтэрнэт-карыстальнікаў адмысловым значком, калі інтэрнэт-старонка знаходзіцца пад кантролем уладаў ЗША.
Але, у прынцыпе, эксперты адзначаюць сумныя трэнды і лічаць, што ў межах ЕС мусіць быць абмеркавана, ці можна абарону дадзеных прынесці ў ахвяру барацьбе з тэрарызмам. Тым больш, што прэвентыўная бяспека становіцца ўсё больш заўважнай у Еўрапейскім саюзе.
Бенжамін Бергеман: “Правайдэры былі вымушаныя стварыць электронны інтэрфейс для ўладаў, які дазваляе вызначыць IP-адрасы”.
Варта дадаць, што на дадзены момант месцазнаходжанне былога ЦРУшніка Эдварда Сноўдэна, які 10 чэрвеня пакінуў гасцініцу ў Ганконгу, не вядомае. Тым часам на сайце Белага дома размясцілі петыцыю з просьбай памілаваць Эдварда Сноўдэна, якая за суткі сабрала больш за 35 тысяч подпісаў.
Фота: dw.de