Ці трэба беларусам, якія служаць у арміі Расіі, асцерагацца нашых законаў?

Ці трэба беларусам, якія служаць у арміі Расіі, асцерагацца нашых законаў?

“У мэтах прафілактыкі” КДБ прапануе караць за удзел у баявых дзеяннях за мяжой не толькі наёмнікаў, але і добраахвотнікаў, якія рызыкуюць жыццём не за грошы, а за ідэі. Старшыня КДБ Валерый Вакульчык не хавае: асцерагаюцца не мэтаў, з якімі беларусы едуць ваяваць, а вопыту, які яны там набываюць.

Валерый Вакульчык: “Удзел беларускіх грамадзян у баявых дзеяннях за мяжой носіць антысацыяльны характар, спрыяе ўзнікненню слоя прафесійна падрыхтаваных баевікоў, якія прайшлі кроў”.

Як вынікае з тлумачэння старшыні КДБ, караць за удзел у войнах за мяжой будуць не толькі тых, хто некуды едзе на свой страх і рызыку, але і тых, хто падпісвае афіцыйныя кантракты з дзяржаўнымі структурамі. Да прыкладу, з Французскім замежным легіёнам. Па словах Вакульчыка, яны трапляюць пад дзеянне адпаведнага артыкула змененага адміністрацыйна-крымінальнага кодэкса.

“Мы хочам папярэдзіць удзел нашых грамадзян ва ўзброеных канфліктах за мяжой незалежна ад матываў, дзе гэта адбываецца, у якіх мэтах і гэтак далей. Таму, калі сыходзіць з заканадаўства, то тое, што беларус знаходзіцца ў Французскім легіёне — гэта яшчэ нічога не азначае. Але калі яна, асоба, бярэ ўдзел ва ўзброеных канфліктах за мяжой, то, па сутнасці, дзеянне гэтага артыкула распаўсюджваецца і на дадзеную асобу”, — тлумачыць старшыня КДБ.

Такім чынам, служыць у легіёне ты можаш спакойна, але калі накіроўваюць выконваць баявую задачу ў нейкую, да прыкладу, афрыканскую краіну, то мусіш сказаць свайму камандзіру: “А я не паеду, бо па вяртанні ў Беларусь мяне могуць асудзіць за ўдзел ва ўзброеным канфлікце за мяжой”. Іншая справа, што служба ў легіёне аўтаматычна дае замежніку французскае грамадзянства. Ды, і наўрад ці хто пасля гэтага вяртаецца ў Беларусь. А вось як быць з тымі беларусамі, якія падпісваюць кантракт на службу ў расійскім войску? Іх жа могуць разам з астатнімі накіраваць для ўдзелу ў антытэрарыстычнай аперацыі дзе-небудзь на Каўказе, ці паўдзельнічаць у невялікай ваеннай аперацыі, да прыкладу, Сірыі? Іх таксама чакае беларуская лава падсудных?

Удакладніць гэты нюанс у старшыні КДБ не атрымліваецца: падчас свайго з’яўлення 4 і 5 красавіка ў парламенце ён катэгарычна адмаўляецца адказваць на пытанні журналістаў. У прэс-службе КДБ адказу на маё пытанне пра беларускіх кантрактнікаў у расійскім войску і іх адказнасці па беларускім заканадаўстве таксама не маюць.

Але ваенны эксперт Аляксандр Алесін супакойвае: на такіх беларускіх удзельнікаў “узброеных канфліктаў за мяжой” дзеянне закона не распаўсюджваецца.

“У нас жа агульная абаронная прастора. Грамадзяне нашых краін роўныя ў выбары прафесій, працы і гэтак далей. А праца ў войску па кантракце — гэта такая ж прафесія, і тут няма абмежаванняў. Калі ў нас сумесная групоўка войск, сумесная абаронная прастора, то, лічыцца, што служачы ў расійскім войску, такі чалавек абараняе і інтарэсы Беларусі. Мы ж у Саюзнай дзяржаве. Дзе агульная прававая, эканамічная і абаронная прастора. І з пункту гледжання заканадаўства яны нічога не парушаюць — заканадаўства Саюзнай дзяржавы”.

І ў дадзеным выпадку гэта тычыцца як удзелу беларуса-кантрактніка ў складзе расійскага войска ў антытэрарыстычнай аперацыі ў якім-небудзь Дагестане, так і яго удзелу ў ваеннай аперацыі ў адной з суседніх з Расіяй краін. Тым больш, што, калі казаць пра апошні варыянт, расійскія войскі афіцыйна ў такіх замежных канфліктах не ўдзельнічаюць — іх там няма.

 

Фота Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі