Ціханоўская: калі пачнуцца перамовы, то за сталом будзе не Лукашэнка
Каманда Ціханоўскай падчас Мюнхенскай канферэцыі па бяспецы пераконвала заходніх палітыкаў не губляць з фокусу Беларусь. "Нас пачулі і запэўнілі, што ніякія спробы паставіць пад пагрозу суверэнітэт не застануцца без адказу", — паведаміла Святлана Ціханоўская ў інтэрв'ю рэсурсу, прызнанаму экстрэмісцкім.
Гаворачы пра магчымасць перамоваў з афіцыйным Мінскам, Ціханоўская заявіла, што гэта могуць быць людзі, якія прымаюць рашэнні або прадстаўнікі канкрэтнай групы — буйны бізнес, рэгіянальныя кіраўнікі, сілавікі, армія, чыноўнікі.
"Наогул не думаю, што калі пачнуцца перамовы, то за сталом будзе Лукашэнка. На жаль, пакуль што яго набліжаныя не гатовыя гаварыць. Яны хочуць мець зносіны з Захадам, але так, каб там не было Ціханоўскай, не было прадстаўніка беларускага народа", — канстатавала яна.
На пытанне пра кантакты з Крамлём Ціханоўская адказала, што гатовая размаўляць з усімі, хто дапаможа вызваліць людзей з турмаў, спыніць гвалт і беззаконне. Але пры гэтым пытанне беларускага суверэнітэту не з'яўляецца прадметам гандлю. "Калі б кантакты з Крамлём адбыліся цяпер, я б сказала тое ж самае, што казала на кожнай сустрэчы ў Мюнхене, што Беларусь — гэта незалежная дзяржава, і наша незалежнасць не можа быць разменнай манетай у вырашэнні чужых канфліктаў", — падкрэсліла палітык.
Яна згадала, як у верасні 2020-га назвала Пуціна мудрым палітыкам, і патлумачыла: "Тады ў мяне была вера ў тое, што Крэмль можа не перашкаджаць волі беларусаў".
Той, што расійскія войскі застануцца ў Беларусі пасля вучэнняў, на думку Ціханоўскай, супярэчыць нацыянальным інтарэсам. "Больш за тое, складваецца адчуванне, што былы прэзідэнт больш не мае кантролю над сітуацыяй і не з'яўляецца гарантам суверэнітэту. Памятаеце, як прадстаўнікі рэжыму казалі "каханую не аддаюць"? А цяпер мы бачым, што кожны дзень яны менавіта гэта і робяць, не зважаючы на волю людзей", — заявіла яна.
Канстытуцыйны рэферэндум палітык назвала імітацыяй і фарсам. На яе думку, ён не дапамагае развязаць ні палітычны крызіс, ні эканамічны, ні вызваліць палітвязняў, ні ўмацаваць суверэнітэт або легітымізаваць уладу.
"Мы не прызнаем ні рэферэндум, ні Канстытуцыю. Мы рыхтуем праект прапаноў на пераходны перыяд на выпадак транзіту ўлады, у якім прапішам, як бачым працу ЦВК, дзяржорганаў да правядзення выбараў", — патлумачыла Ціханоўская.
Але змены, на яе думку, адбудуцца не аднамомантна праз нейкі адзін трыгер. Для гэтага патрабуецца штодзённая і настойлівая праца.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.