Cтрымы, сустрэчы з бізнесменамі, стварэнне партыі: чым займаюцца экс-кандыдаты

Cтрымы, сустрэчы з бізнесменамі, стварэнне партыі: чым займаюцца экс-кандыдаты

З прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі мінула ўжо амаль два месяцы: у краіне працягваюцца пратэсты, міліцыя затрымлівае людзей, суды караюць іх штрафамі і суткамі арышту, заведзена некалькі дзясяткаў крымінальных спраў.

З медыяпрасторы за гэты час, здаецца, не сышлі толькі два былыя кандыдаты ў прэзідэнты: Святлана Ціханоўская і Аляксандр Лукашэнка

Першая пад прымусам з’ехала ў Літву і цяпер усё больш уцягваецца ў палітыку. Што праўда, Ціханоўская кажа, што разглядае сябе выключна як лідара і арганізатара “пераходнага перыяду”, а пасля ў палітыцы сябе не бачыць.

Другі з’явіўся перад аб’ектывамі з аўтаматам у руках, правёў таемную інаўгурацыю, сустракаецца з расійскімі губернатарамі ды арабскімі інвестарамі — і па-ранейшаму бачыць сябе прэзідэнтам на найбліжэйшыя пяць гадоў.

Чым жа займаюцца астатнія людзі, чые прозвішчы былі ў выбарчых бюлетэнях?  

Андрэй Дзмітрыеў ездзіць па дварах і праводзіць вечаровыя стрымы

Cтрымы, сустрэчы з бізнесменамі, стварэнне партыі: чым займаюцца экс-кандыдаты

“Цяпер у мяне адбываецца тое самае, што і ў жыцці большасці беларусаў: раблю нешта, каб пратэсты набліжаліся да перамогі. Па выхадных хаджу на маршы, раблю вечаровыя стрымы — дапамагаю людзям у складаных сітуацыях. Былі моманты раней, калі дапамагалі людзей шукаць пасля затрыманняў, — расказвае лідар арганізацыі “Гавары праўду” Андрэй Дзмітрыеў. — Зараз мы дапамагаем людзям абуджаць тэрытарыяльныя органы самакіравання, каб гэтыя дваровыя ініцыятывы былі ў межах закона — каб людзей не чапалі. Амаль штовечар езджу па дварах Мінска (і па-за Мінскам таксама), працую з людзьмі”.    

Па сацсетках экс-кандыдата можна зразумець, што ён часты госць акцый пратэсту і застаецца прынцыповым прыхільнікам мірных перамен. У “Твітэры” Дзмітрыеў расказваў, як у першыя дні пасля выбараў адабраў у моладзі пакет з “кактэйлямі Молатава”. Праўда, твіт быў выдалены — пасля іранічных допісаў у адказ. 

“Тое, што мы праз усе гэтыя запалохванні, крымінальныя справы і злачынствы ў адносінах да пратэстоўцаў працягваем знаходзіць розныя формы пратэсту, вартае падтрымкі. Калі людзі выходзяць — гэта варта падтрымліваць. Калі людзі збіраюцца ў двары — гэта варта падтрымліваць. Калі людзі адклікаюць дэпутатаў — гэта варта падтрымліваць. Усё, што аб’ядноўвае людзей і дапамагае ім лепш разбірацца ў сітуацыі, вартае падтрымкі”. 

Якія шляхі Андрэй Дзмітрыеў бачыць для выхаду з палітычнага крызісу ў Беларусі?

“Мне падаецца, гэта можа быць толькі дыялог, але дыялог, у якім вядзецца пра тое, чаго хочуць людзі. Трэба пачуць людзей. Трэба вызваляць палітзняволеных і аднаўляць дзеянне закона, а не беззаконне, якое зараз пастаўленае на канвеер. Трэба дамаўляцца, якім чынам пройдуць новыя выбары і фармаванне новых выбарчых камісій, якім чынам мы прыйдзем да нармальнага ладу жыцця. Агулам зараз у Беларусі праходзіць такая выбарчая кампанія: 9-га скончылася адна, а 10-га пачалася іншая. Адзіная рэч, што гэтая выбарчая кампанія — яна з адкрытай датай. І ўсё змаганне ідзе за тое, калі будзе гэтая дата. З аднаго боку кандыдатам выступае народ, а з другога — Аляксандр Лукашэнка і яго атачэнне, якое хоча, каб гэтая дата была як мага пазней”.    

Сяргей Чэрачэнь ходзіць на акцыі пратэсту ў масцы — каб не пазналі

Cтрымы, сустрэчы з бізнесменамі, стварэнне партыі: чым займаюцца экс-кандыдаты

Лідар партыі "Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада" Сяргей Чэрачэнь перафарматаваў працу свайго выбарчага актыву:

“Цяпер ідзе актыўная праца па фармаванні бізнес-асацыяцыі — мы працуем са шматлікімі бізнесменамі, у нас ідзе распрацоўка гэтай структуры. Гэта — не партыйная структура, гэта — мая каманда, якая прыходзіла са мной у палітыку. Вельмі шмат людзей на фоне эканамічнага і палітычнага крызісаў гатовыя сваімі актыўнымі дзеяннямі дапамагчы развіццю краіны ў будучыні. Цяпер у нас вельмі рэзкае піке, але ўсё роўна давядзецца падымацца з каленяў”. 

Чэрачэнь адсправаздачыўся, што схадзіў на чатыры нядзельныя маршы. Ён прызнаўся, што пачаў наведваць іх у масцы, але не толькі праз эпідэміялагічную сітуацыю:   

“Мы прымаем удзел. Амаль на кожны марш па выхадных ходзяць мае прыхільнікі. Я сам хаджу перыядычна, бо некалькі разоў атрымліваў папярэджанне, што могуць інкрымінаваць арганізацыю несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў. Атрымлівалася спантанная гутарка з людзьмі — яны збіраліся вакол мяне, што прыцягнула ўвагу людзей у цывільным. Пасля гэтага не перастаў хадзіць, але змянілі фармат — іду ў кампаніі і ў масцы, каб не было такого збірання людзей вакол мяне”. 

Выйсце з палітычнага крызісу Чэрачэнь, як і яго сусед па бюлетэні Дзмітрыеў, бачыць толькі ў дыялогу:

“У любым выпадку без дыялогу зараз нічога не атрымаецца. Мы не так даўно звярталіся ў Палату прадстаўнікоў з нагоды адкрытай дыскусіі пра новую Канстытуцыю ды ўвогуле па эканамічнай і палітычнай сітуацыі ў краіне. На той момант мы атрымалі адмову ў дыялогу. Калі мы спрабуем з усімі міністэрствамі на розных узроўнях правесці дыялог, то яны цяпер цалкам закрыліся. Яны і раней былі даволі закрытыя, але цяпер цалкам адасобіліся ад грамадства, ад людзей. Цяпер знаходзяцца ў пэўнай зачыненай прасторы і выконваюць толькі тыя загады, якія прыходзяць зверху. У межах таго, як можна выйсці з гэтага крызісу, трэба, вядома, фармаваць глабальнае рэспубліканскае абмеркаванне. Праз тое, што цяпер няма дыялогу, сітуацыя нагнятаецца. Калі адны не чуюць другіх, то гэта, як правіла, падагравае той пратэст, які не сыходзіць ужо два месяцы. На жаль, я цяпер не бачу з боку ўлады хоць нейкага жадання пачаць дыялог”. 

Ганна Канапацкая рыхтуецца да стварэння партыі 

Cтрымы, сустрэчы з бізнесменамі, стварэнне партыі: чым займаюцца экс-кандыдаты

Наша тэлефонная размова з былой кандыдаткай у прэзідэнты Ганнай Канапацкай пачынаецца з яе выпраўлення: “Я не былая! Я кандыдатка ў прэзідэнты, бо выбараў не было!” 

Ну добра… Чым жа цяпер займаецца не былая кандыдатка ў прэзідэнты? 

“Тое, чым я займаюся цяпер, гэта стварэнне партыі, якая можа і павінна ўплываць на развіццё сітуацыі ў Беларусі з улікам запланаваных рэформаў. Тое, чаго цяпер сапраўды баіцца ўлада, — гэта эканамічныя рэформы. Бо толькі пры гэтым можа ўтварыцца клас грамадзян, якім неабходныя будуць палітычныя свабоды ў тым ліку. Гэта ўзаемазвязаныя рэчы. На жаль, адсутнасць рэальнай палітычнай барацьбы прыводзіць да таго, што людзі не могуць дакладна сфармуляваць ні палітычныя, ні эканамічныя патрабаванні, а выключна супраць дзейнага дыктатара. Але, прабачце, у гісторыі Беларусі ўжо была сітуацыя, калі пратэставае галасаванне супраць Кебіча прывяло да таго, што за 26 гадоў у Беларусі ўсталявалася дыктатура”.

Эпатажную Ганну на акцыях пратэсту не заўважыць. Яна хоць і разумее тых людзей, якія на іх выходзяць, але выйсце з палітычнага крызісу бачыць зусім у іншым — у эканамічных рэформах.   

“Для мяне было відавочна, што такі сцэнар можа адбыцца, калі ў гэтай [выбарчай] кампаніі гулялі пракрамлёўскія структуры. І вядома, цяпер самае галоўнае — знізіць градус гэтай эскалацыі. Я разумею людзей, якім надакучыла дыктатура, якая сёння ёсць у Беларусі. Але адзіны спосаб [перамен] — гэта эканамічныя рэформы, бо ўлада нам ужо паказала, што ўлада не баіцца вуліцы — яна да яе гатовая. Калі я прапанавала свой законапраект пра гарантыі прэзідэнту, які згубіў свае паўнамоцтвы, я акурат матывавалася тым, што нават дыктатар не мусіць трымацца за ўладу праз страх быць разарваным натоўпам. А цяпер адбываецца менавіта гэта”.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі