ЦВК не задаволіў скаргу Таццяны Караткевіч
16 кастрычніка Цэнтрвыбаркам Беларусі не задаволіў скаргу Таццяны Караткевіч. Экс-кандыдат у прэзідэнты прасіла прызнаць вынікі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі несапраўднымі. Звярталася ўвага на тое, што яны прайшлі з грубымі і сістэмнымі парушэннямі заканадаўства, выбарчага кодэксу. Гэта зафіксавалі назіральнікі.
Вось што распавёў Еўрарадыё Ігар Лялькоў, прадстаўнік Таццяны Караткевіч і чалец ЦВК з правам дарадчага голасу:
"Паседжанне было прадказальным. як і вынікі яго. Праходзіла па загадзя адпрацаваным сцэнары. Пасля майго выступу з абгрунтаваннем скаргі выступілі кіраўнікі ўсіх абласных камісій і менскай гарадской камісіі, якія распавялі, як цудоўна ў іх праходзілі выбары, як усё ў іх добра, як вынікі там адпавядаюць таму, што бачыла большасць назіральнікаў".
Нагадаем, у пятніцу ЦВК Беларусі зацвердзіў вынікі прэзідэнцкіх выбараў.
Фота: БЕЛТА