“Давай хуценька сцяг вешаць! Ну хоць хустку якую чырвоную з кветкамі даставай!”

“Давай хуценька сцяг вешаць! Ну хоць хустку якую чырвоную з кветкамі даставай!”

Шмат герояў Вялікай Айчыннай вайны, на жаль, пакінулі гэты свет. Але мы адшукалі пяць сапраўдных воінаў-ветэранаў і запыталіся, як яны збіраліся на вайну і як сустракалі перамогу.

Уладзімір Якаўлевіч Ігнатовіч, 94 гады

Нарадзіўся на Гомельшчыне. У ліпені 41-га васямнаццацігадовы Валодзя пайшоў на вайну. Быў кулямётчыкам.

“Давай хуценька сцяг вешаць! Ну хоць хустку якую чырвоную з кветкамі даставай!”
“Давай хуценька сцяг вешаць! Ну хоць хустку якую чырвоную з кветкамі даставай!”
Франтавое фота Уладзіміра Ігнатовіча. Ён у верхнім шэрагу другі справа

"Спачатку бацьку майго забралі. А праз тыдзень, я акурат вёску патруляваў, едзе старшыня калгаса, убачыў мяне, і крычыць: “Ідзі, Валодзя, маці скажы, няхай пячэ коржыкі, заўтра ідзеш на вайну”. Прыйшоў, сказаў, маці заплакала. Стала рыхтаваць мяне ў дарогу, напякла каржоў. Я быў, як і цяпер, маленькі такі, нізенькі. Прыйшла суседка, маці потым расказвала, Уліта, пытаецца: "Мар'ечка, чаго ты плачаш, па мужыку, па Якаву?”. “Не, кажа, па Валодзьку”. “Ты не плач па Валодзьку. Ён прыйдзе цэленькі. Я, — кажа, — як пабачыла, які ён маленькі пайшоў з рукзачком, дык “лячыла і лячыла” яго, покуль відаць было”… І заплечнік мне зрывала, і куля праходзіла наскрозь шынэлю, а да мяне не дакранулася. Мо і праўда “налячыла”, дагэтуль, вунь, жыву!

А 9 траўня сустрэў у лесе ў Латвіі. Ваюем-ваюем, а потым усё сціхла. Я акурат ля краю лесу быў. І тут з-за таго лесу два немцы з белым сцягам выскачылі. Думаем, нешта будзе. Нашы пайшлі да іх, пагутарылі. Тыя пайшлі сабе, а нашы вярнуліся, і кажуць: "Вайна скончылася, мы перамаглі". Задаволеныя былі, танцавалі. Але здарылася непрыемнасць. Пагулялі, пагулялі, час абедаць. А ў аднаго салдата пісталет зараджаны ў кішэні апынуўся. Ён прыйшоў за абедам, а той пісталет неяк выстраліў”.

Пасля вайны Уладзімір Якаўлевіч вярнуўся на радзіму ў вёску Радкоў Акцябрскага раёна, працаваў пастухом. Цяпер жыве ў дачкі ў Вілейцы.

 

Барыс Іванавіч Папкоў, 90 гадоў

Нарадзіўся ў Пензенскай вобласці Расіі. У 44-м годзе сямнаццацігадовы Барыс прызваўся на службу. Быў памежнікам.

“Давай хуценька сцяг вешаць! Ну хоць хустку якую чырвоную з кветкамі даставай!”
“Давай хуценька сцяг вешаць! Ну хоць хустку якую чырвоную з кветкамі даставай!”
Прызыўное фота Барыса Папкова

“Мяне бралі двойчы. Спачатку ў марфлот — накіравалі ў Архангельск. Але прыбылі мы на перасыльны пункт у Пензе, пяць дзён “клапоў пакармілі”, і нас адправілі назад дадому. Пабылі дома, і зноў павестка, толькі ўжо ў памежныя войскі. Так я і апынуўся ў Беларусі, у Брузгах. Страшна было адразу, калі з дому праваджалі, бо ведалі, куды еду. Нас, 17-гадовых, у пекла гэтае, на мяжу адпраўлялі. Увесь час страшна было, толькі калі перадышка якая, адпускала. А што скажаш?

У 45-м вярнуліся з начной разведкі. Прыйшлі, чакаем сняданку. Расселіся па кутках, хто вінтоўку чысціць, хто што. Раптам страляніна. Кругом страляніна. Мы падарваліся, што такое — мяжа побач, можа, прарыў?! Выбеглі — страляюць усе, каму не лянота, страляюць у неба. А днявальны па роце крычыць: “Перамога, хлопцы, перамога!”. Страляе і начальства, і часавы, забыўшы на статут — зброя ж ва ўсіх была. Лікавалі, што жывы застаўся. Стральба доўга не спынялася, пакуль зверху не загадалі”.

Пасля вайны Барыс Іванавіч служыў у арміі, атрымаў юрыдычную адукацыю. Некаторы час працаваў суддзём Мінскага раёна. Жыве ў Заслаўі.

 

 

Любоў Іванаўна Дубіна, 92 гады

Нарадзілася ва Украіне, з двух гадоў жыла ў Маскве. У 1942-м, пятнаццацігадовая, пайшла на вайну. Была сувязной.

“Давай хуценька сцяг вешаць! Ну хоць хустку якую чырвоную з кветкамі даставай!”
“Давай хуценька сцяг вешаць! Ну хоць хустку якую чырвоную з кветкамі даставай!”
Сувязістка Любоў — справа

“У газеце “Праўда” прачыталі пра Зою Касмадзям’янскую і ірванулі ў ваенкамат. Са мной былі дзве сяброўкі, дзясяцікласніцы, а я скончыла толькі сёмы клас. У ваенкамаце былі вялікія чэргі, і некалькі дзвярэй. Выстаялі чаргу, заходзім да ваенрука. Ён паглядзеў на дзяўчат, тыя дык старэйшыя, а мне: “А вы куды?”. Кажу, што на фронт. Выгнаў ён нас. Мы ж пайшлі ў іншую чаргу, у другія дзверы. Прапанавалі нам у выніку пайсці ў медыка-санітарную роту ў Маскве. Акурат немец падыходзіў да Масквы, было столькі параненых! Нас маці выхоўвала пяцёх, бацька памёр. А паколькі рота гэтая была ў Маскве, яна спакойна адрэагавала, калі я прыйшла ў ваеннай форме. Аднак мы хацелі толькі на фронт, пісалі рапарт за рапартам. У выніку патрапіла ў сувязісты ў артылерыйскі полк. Было вельмі страшна. Я прайшла ўсю Беларусь ад пачатку да канца, увесь час на перадавой, у тыле ніколі не была.

9 траўня была пад Кёнігсбергам. Рыхтаваўся наступ на Берлін, і мы чакалі, што нас туды перавядуць. Увечары 8 траўня ляглі спаць. І раптам ўначы раздаўся салдацкі крык. Сувязны выскачыў з намёта і закрычаў: “Вайна скончылася, перамога!”. Пятая раніцы была. Як адкрылі агонь! Крык, шум, абдымкі, слёзы — не плакалі ўсю вайну, калі гублялі сяброў, а цяпер усе плакалі. Вунь і цяпер дрыжыкі па скуры, калі ўзгадваю”.

На вайне Любоў Іванаўна сустрэла будучага мужа, з ім ездзіла на службу ў Кітай. Працавала настаўніцай гісторыі ў Гомеле. Цяпер жыве ў Жодзіна.

 

 

Іван Уладзіміравіч Батура, 89 гадоў

Родам са Смалявіцкага раёна. Быў прызваны ў 44-м, у 16 гадоў. Мінёр.

“Давай хуценька сцяг вешаць! Ну хоць хустку якую чырвоную з кветкамі даставай!”
“Давай хуценька сцяг вешаць! Ну хоць хустку якую чырвоную з кветкамі даставай!”
Прызыўное фота Івана Батуры

“Пры акупацыі мы бачылі нечалавечнасць фашыстаў, шыбеніцы, здзек з людзей, таму ў нас, падлеткаў, была жорсткасць у стаўленні да іх. Ну як усё было? Ваенкамат прызваў, хуценька нас навучыў, і пайшлі размініраваць. Гэтая тэрыторыя, Смалявіцкі рэгіён, была вельмі замініраваная. За адзін дзень, напрыклад, нашы 34 байцы знялі 240 мін — колькі жыццяў выратавалі! Асабіста я каля 30 мін зняў.

А 9 траўня 45-га мы былі раскватэраваныя ля Жодзіна, у Высокіх Лядах. Тут быў палявы аэрадром, адкуль немцы выляталі і бамбілі вёскі, прылеглыя да партызанскіх зонаў. Гэтых бомбаў тысячы засталося. І мы ад самага ранку звычайна пачыналі працаваць, знішчаць гэтую зброю. А тут да гаспадыні прыбягае старшыня калгаса: “Давай хуценька сцяг вешаць”. А якія тады сцягі!? Ён: “Ну хоць хустку якую чырвоную, нават з кветкамі, даставай”. Ну і павесіла жанчына хустку з кветкам, прывязаную да чаранкоў ад печы. І ва ўсіх дамах такія павесілі. Людзі святкавалі і плакалі. Жанчыны чакалі мужыкоў ды сыноў, няхай без ног, але жывых. Але яны мала прыходзілі, больш пахаронкі”.

Пасля вайны Іван Уладзіміравіч узнаўляў сістэму водазабеспячэння Мінска, пазней працаваў механнікам. Жыве ў Жодзіна.

 

 

Іван Аляксандравіч Баравы, 94 гады

Нарадзіўся ў вёсцы Баравыя Вілейскага раёна. У 20 гадоў, гэта быў 1944-ты год, пайшоў на фронт сувязным.

“Давай хуценька сцяг вешаць! Ну хоць хустку якую чырвоную з кветкамі даставай!”
“Давай хуценька сцяг вешаць! Ну хоць хустку якую чырвоную з кветкамі даставай!”
Іван Баравы за рулём матацыкла. Фота савецкіх салдатаў зрабілі нямецкія дзяўчаты, якія жылі праз дарогу

“Аб’явілі мабілізацыю, маўляў, ад такога да такога года нараджэння ўсе мусяць з’явіцца ваенкамат. Гэта ўжо было, як немец адышоў. Страшна было. Гэта цяпер маладыя — шухерныя, а мы сядзелі дома. У нас спецгрупа партызанская ў хаце кватэравала. Адзін капітан кажа: “Ваня, а ты, можа, не хочаш ісці?”. А хто ж хоча ісці? А нязручна ж і сказаць. А ён: “Ідзі свой вузялок бяры, на падводах паедзем”. У партызанах я маленька пабыў, хадзілі немцаў на засаду лавіць. Потым трапіў у пяхоту, а ўсе ведалі, што ў пяхоце кепска. А потым прыгналі эшалон за намі, каб на фронт адправіць. Піць хацелася, але нас жа пазачынялі, каб ніхто не разляцеўся — усякія ж ёсць. Глядзім праз шчыліну, горад — Мінск, відаць. Прыехалі “купцы”, набралі салдат, мяне ў сувязісты адправілі. Камандзіры былі надта харошыя. Карміць сталі лепш, бо ў пяхоце кармілі толькі сухой траской, бульбай сушанай і алеем. Прывялі ў лагер у лесе, прыходзіць маёр: “Прашу прабачэння, што сняданак не падрыхтавалі. Зараз зробім”. І так кансерва ў супе пахне!

Мы вельмі баяліся браць Берлін. Думалі, немцы акажуць сур’ёзнае супраціўленне. Ля Берліна акурат будавалі летнія лагеры. Цёпла было ў траўні, прыгожа: дубы, букі, ясені, грабы. І было ўсё неяк не па-франтавому. І стралялі менш, і машыны на вайне фары ніколі ўначы не ўключалі, а тут ідуць са святлом. І камандзір палка кажа: “Хлопцы, рыхтуйце свечку, прыйду ўначы ў карты гуляць”. І вось, была субота, мы акурат у горадзе былі. Я дзяжурыў. Прыходзіць старшыня Макараў: “Баравы, ты быў на вуліцы?” — “Не. А што такое?” — “Апраніся па форме, ідзі паглядзі”. А на нас жа ні пагонаў, ні рамянёў — галоўнае, што жывыя. Апрануўся, выходжу на вуліцу — ідуць афіцэры з белымі сцягамі ці павязкамі на руках, кідаюць зброю і становяцца ў шэраг. У вочы не глядзяць, на ваўкоў падобныя — вунь як ганебна, такога нарабілі!.. Добра служылася, мяне любілі афіцэры, бо я гарэлку не піў, ведалі, што я іх не падвяду. Прапаноўвалі застацца, маўляў, там жа голад на радзіме. А я дадому хацеў”.

Пасля вайны Іван Аляксандравіч вярнуўся дадому ў Баравыя. Працаваў аратым.

 

РЭПАРТАЖ 2017 ГОДА

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі