Дэвід Боўі, які памадай памазаў рок-н-рол

Дэвід Боўі, які памадай памазаў рок-н-рол

У Н'ю-Ёрку ад раку памёр Дэвід Боўі. Пра гэта паведамляе афіцыйная старонка брытанскага музыкі ў Фэйсбуку:


"10 студзеня Бэвід Боўі мірна памёр у акружэнні сваёй сям'і пасля 18-месячнага мужнага змагання з ракам. У той час, калі многія з вас таксама перажываюць гэтую страту, мы просім паважаць права сям'і на прыватнасць падчас іх смутку".


8 студзеня Боўі споўнілася 69 гадоў. Адсвяткаваў яго лідар сусветнага глэм-року выпускам новага альбома "Blackstar" і кліпам да песні "Lazarus", у якім герой Боўі уваскрасае на бальнічнай койцы. Прадзюсарам кружэлкі стаў даўні сябра Боўі Тоні Вісконці. Ён жа распавёў, што музыкаў для запісу кружэлкі Боўі знайшоў у н'ю-ёркскім клубе ў раёне Вэст-Вілідж. А крыніцай натхнення для яго стаў дыск рэпера Кендрыка Ламара "To Pimp a Butterfly". Альбом Боўі надзвычай эклектычны: у ім спалучаюцца электронныя рытмы, індастрыэл-рок, душэўныя фолк-балады, грыгарыянскія харалы і джазавыя джэмы. Часопіс "Rolling Stone" лічыць альбом лепшым шэдэўрам Боўі, створаным пасля 1970-х гадоў. 

Боўі называюць "чалавекам з тысячай твараў", бо ён змяняў вобразы і стылі з хуткасцю ветру. "Я так часта прыдумляў сабе новы вобраз, што сёння мне падаецца, нібыта я першапачаткова быў патлусцеўшай карэянкай", — смяяўся разнавокі музыка, якога лічылі прышэльцам з космасу. Да таго ж, ён праявіў сябе і ў іншых відах мастацтва: ад пантамімы і жывапісу да кінематографа. Тое, што рабіў Боўі, Джон Ленан называў "рок-н-ролам, паверх якога наклалі крыху памады для вуснаў".

Дэвід Боўі (Дэвід Роберт Джонс) нарадзіўся ў 1947 годзе ў лонданскім раёне Брыкстан. Займаўся жывапісам, але раптам "перасеў" на саксафон. Яго першы гурт David Jones & King-Bees граў блюз, джаз і рок-н-рол па вечарах у лонданскіх пабах. Другі, Manish Boys, нават падпісаў кантракт з лэйблам The Beatles Parlophone. Але вырашальнай для хлопца становіцца сустрэча з Кенам Пітам, чалавекам, які меў сувязі ў шоў-бізе і параіў брытанскаму музыку пачаць выступаць сольна. У 1966 годзе 21-гадовы Дэвід падпісвае кантракт Pye Records ужо як Дэвід Боўі (Боўі — прозвішча вынаходніка вядомай маркі паляўнічага нажа).


Важным для музыкі становіцца 1969 год: ён знаёміцца з Тоні Вісконці, вядучым радыёшоў, музыкам і прадзюсарам, з якім будзе працаваць усё жыццё і запіша свой апошні альбом у 2015-м. Летам, калі на Месяцы высаджваецца першы чалавек, Боўі выпускае сінгл "Space Oddity": ён робіцца яго першым вялікім хітом і дасягае 5-га месца ў чартах. 

У хуткім часе Боўі разглядаецца крытыкамі як ключавая фігура стылю"глэм" — тэатралізаванага року, дзе гітарны пачатак спалучаецца з запамінальнай мелодыяй. Яго шоў скараюць выкарыстаннем грыму, бліскучых касцюмаў, светлавых эфектаў і рознымі эпатажнымі выбрыкамі кшталту выхаду на сцэну ў жаночых сукенках. Яго самым запамінальным вобразам становіцца месія з космасу, пластмасавы рок-спявак Зігі Стардаст, які мусіў выратаваць свет і адукаваць людзей з дапамогай рок-н-рола. Ці джэнтэльмен у стыльных мужчынскіх касцюмах і шляпах. Ці Алан Адлер, персанаж змрочнага апакаліптычнага свету. Ці герой соўлу і фанку Белы Герцаг.

 

Дэвід Боўі, які памадай памазаў рок-н-рол

Боўі цягам жыцця пастаянна дапамагае калегам кшталту Лу Рыда ці Ігі Попа. Апошняму носіць наркотыкі ў псіхлякарню, а потым піша песні для двух альбомаў. Яшчэ здымаецца ў кіно. Спачатку грае прышэльцаў з космасу, а потым свеціцца ў стужках Марціна Скарсэзэ і Дэвіда Лінча.

Дэвід Боўі, які памадай памазаў рок-н-рол
Боўі ў фільме "Чалавек, які ўпаў на Зямлю" (1976)

Дэвід Боўі выпусціў 25 альбомаў, самымі знакамітымі з якіх сталі Самыя "Rise and fall of Ziggy Stardust and the Spiders from Mars", "Alladdin sane" (1973), "Hunky Dory"(1971), "Low" (1977), "Station To Station" (1976), "Outside"(1995), "Labyrinth" і іншыя.  

 

Нагадаем, 29 снежня пайшоў з жыцця яшчэ адзін значны музыка, Лэмі Кілмістар з гурта Motorhead. Лэмі таксама памёр ад раку, пражыўшы два дні пасля свайго Дня нараджэння.

Загалоўнае фота: telegraf.com.ua

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі