Двух брытанцаў абвінавачваюць у падпале склада ў Лондане — дапамагалі Расіі

Брытанцы арганізавалі дыверсію

Брытанцы арганізавалі дыверсію / london-fire.gov.uk

Двум брытанцам афіцыйна выставілі абвінавачванні ў садзейнічанні расійскім спецслужбам у сувязі з падпалам у Лондане склада. Як высветлілася, ён належыць кампаніі выхадцаў з Украіны, паведамляе "Бі-Бі-Сі".

Дылану Эрлу і Джэйку Рыўзу 20 гадоў і 22 гады адпаведна. Пад следства яны трапілі пасля таго, як у сакавіку на ўсходзе Лондана згарэла складское памяшканне. Агулам па падазрэнні ў дачыненні да гэтага здарэння затрымалі 5 мужчын. Тром астатнім абвінавачванні выставілі паводле іншых артыкулаў, якія не датычаць пытанняў нацыянальнай бяспекі. Асноўнае расследаванне вядуць супрацоўнікі Контртэрарыстычнага аддзела брытанскай паліцыі.

Эрл абвінавачваецца ў агульным кіраўніцтве і каардынацыі "нападу на бізнес". Таксама ён рабіў спробы вярбоўкі людзей "для аказання дапамогі замежнай разведслужбе шляхам махлярства і арганізацыі падпалу". Рыўза таксама абвінавачваюць у сувязях з РФ. За свае паслугі ён атрымаў наяўныя грошы, выдатна ведаючы, што атрымлівае іх ад замежнай разведкі.

21-гадовы Ніі Менса разам з 60-гадовым Полам Інглішам непасрэдна падпалілі склад (выкарысталі гаручую вадкасць), а 22-гадовы Дзмітрыюс Паўлаўска ведаў пра падрыхтоўку нападу, але не паведаміў у паліцыю.

Каму менавіта належыць падпалены склад, абвінавачванне не ўдакладняе. У рэестры брытанскіх кампаній можна знайсці інфармацыю аб тым, што зарэгістраваны ён на дзве службы дастаўкі пасылак: Oddisey і Meest UK. Яны належаць Міхаілу Прыходзьку (ён жа Міхаіл Байкоў) і яго жонцы Алене Байковай.

Следства мяркуе, што Дылан Эрл "меркавана займаўся дзейнасцю, накіраванай супраць звязаных з Украінай прадпрыемстваў, з мэтай аказання дапамогі расійскай дзяржаве".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі