Дзе патусіць на выхадных 30 траўня — 1 чэрвеня, раіць Аляксандр Ліберзон
Кампазітар і лідар гурта “Кассиопея” складае спартова-тэатральную афішу на бліжэйшы week end.
Кампазітар і лідар гурта “Кассиопея” Аляксандр Ліберзон прызнаецца, што сям’я яго літаральна прымушае быць дамаседам. Жонка нават патрабуе, каб ён меней хадзіў на працу. Але дастаткова крыху выпіць, і ўсе просьбы ды забароны знікаюць.
“У пэўны час заканчваюцца грошы, і я станаўлюся тусоўшчыкам, бо іду шукаць якую-небудзь дармаўшчыну, — з усмешкай тлумачыць Аляксандр. — Але ўвогуле, я дамасед! Я ж ужо старэнькі. Мне б пасядзець дома, паберагчы зубы, нос ды агульны стан здароў’я. А цяпер яшчэ лета нейкае вельмі гарэзнае ў сэнсе перападаў ціску, і гэты знакаміты слуп нада мной вісіць”.
Тым не менш, музыка складае невялікі спіс мерапрыемстваў, якія параіў бы наведаць на выходных 30 траўня — 1 чэрвеня. І пачынаецца ён з прэм’ернага паказу спектакля “Палкоўнік-птушка” па п’есе сучаснага балгарскага аўтара Хрыста Бойціча.
Раіць схадзіць |
Не раіць |
||
Тэатр |
"Палкоўнік-птушка" |
30 траўня, пятніца: ПК імя Шарко (вул. Уральская, 3) Адну з роляў выконвае Ілля Чарапко-Самахвалаў, музыку пісаў сам Аляксандр Ліберзон Пачатк: 19:00 Квіткі: 30-60 тыс. Даведкі: (17)2392721 |
|
"Мая жонка — манюка" |
1 чэрвеня, нядзеля: Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр (вул. Мяснікова, 44) Пачатак: 19:00 Квіткі: 60-80 тыс. Даведкі: (17)2008126 |
||
Канцэрты |
"Тэатр котак Юрыя Куклачова" |
30 траўня, пятніца: Палац Рэспублікі (пл. Кастрычніцкая, 1) Пачатак: 18:00 Квіткі: 220-400 тыс. Даведкі: 2299039, 2299166 |
|
The Beatles Shabli 2014 |
31 траўня, субота: Хутар Шаблі (Валожынскі раён) Выступаюць The Bestbeat (Сербія), Father McKenzie (Расія), Ça Va Bien (Расія) ды беларусы Flat, Real Jazz Band, Double C і Bulba Fusion Пачатак: 15:00 Квіткі: 240-300 тыс. (дзеці да 12 - бясплатна) Даведкі: (29)7799918 |
||
Ровары |
Велаэкскурсія “Мінскія хіпаны” |
30 траўня, пятніца: Велапракат “Адпачынак” (Набярэжная Свіслачы насупраць Траецкага прадмесця) Вандроўка па мясцінах баявой славы беларускага рок-н-рола: месца першага канцэрта "Мроі", сквер Грыцаўца, Брадвей, Зялёны пад'езд, Памойка і інш... Пачатак: 18:30 Кошт: 75 тыс. (студэнтам, пенсіянерам, сябрам “Мінскага роварнага таварыства” зніжка) Даведкі: (29)7040018 |
|
Спорт |
Чэмпіянат “Малышы, на старт!” |
31 траўня, субота: Баскетбольны клуб "Цмокі" (вул. Уральская, 3а) Мерапрыемства для дзяцей ад 7 месяцаў да 3 гадоў. Пачатак: 10:00 |
“Гэта самая галоўная падзея для мяне, для маіх сяброў, — распавядае Аляксандр Ліберзон. — Я для спектакля пісаў музыку, а мой сябручок Ілля Чарапко-Самахвалаў грае там адну з роляў. Спектакль пра закінутую ў 90-х вар’ятню, дзе персанал увесь разбегся і засталося шэсць вар’ятаў. Ім выпадкова напраўляюць маладога лекара. У выніку адбываецца цікавая гісторыя пра сяброўства, каханне ды пра тое, як вар’яты становяцца нармальнымі людзьмі, пры гэтым не губляючы сваёй вар’яцкасці. Карацей, вельмі раю ўсім гэты спектакль”.
Пройдзе “Палкоўнік-птушка” ў пятніцу на сцэне ПК імя Шарко. Квіткі каштуюць 30-60 тысяч, набываць іх можна адразу на ўваходзе, дадае Аляксандр і з усмешкай усклікае: “Куклачоў!”. Усім валанцёрам, звязаным з вуліцай Гурскага ў Мінску, музыка раіць абавязкова наведаць “Тэатр котак Юрыя Куклачова”, які ў пятніцу прыедзе ў сталічны Палац Рэспублікі. Маўляў, ворагаў трэба ведаць у твар!
“Велаэкскурсія! Незразумела, ад якой арганізацыі, але называецца яна “Мінскія хіпаны”, — працягвае спіс парадаў на выхадныя лідар “Кассиопеи”. — Відаць, будуць ездзіць па горадзе на роварах, трасці бародамі, спадзяюся, не моднымі і спадзяюся, што ў хайратніках! Думаю, хуліганам трэба выйсці на веласцежкі і біць хіпаноў! Бо нармальныя пацаны павінны высочваць хіпаноў на веласцежках”.
А вось суботнюю раніцу Аляксандр прапануе прысвяціць спорту. Газета “Комсомольская правда” в Белоруссии” праводзіць вялікае сямейнае свята да Міжнароднага дня аховы дзяцей — чэмпіянат “Малышы, на старт!”.
“Відаць, карлікі, ці дзеці будуць спаборнічаць, хто даскочыць да баскетбольнага кальца. У любым выпадку, гэта будзе цікава!” — з усмешкай рэзюмуе Ліберзон.
Мерапрыемства скончыцца ў 14:00, а адпаведна, яшчэ можна паспець на хутар “Шаблі” пад Валожынам, дзе стартуе фестываль The Beatles Shabli. Сам музыка наўрад ці туды даедзе, бо будзе перажываць святкаванне прэм’ернай пастаноўкі. Але ўсім ахвочым раіць паехаць.
“А 1 чэрвеня ўвогуле няма нічога цікавага, — са здзіўленнем кажа музыка. — Апроч, хіба што, спектакля ў Тэатры музкамедыі “Мая жонка — манюка”. Усе мужы, якія падазраюць сваіх жонак у няшчырасці, няхай адпраўляюць іх на гэты спектакль. Магчыма, ён стане прычынай разводу, а магчыма, сур’ёзнай размовы. Пачатак у 19:00”.
На развітанне Аляксандр Ліберзон прызнаецца, што большую частку агучаных мерапрыемстваў сябрам не параіў бы, але спектакль “Палкоўнік-птушка” у іх не трапляе!
Выдатных вам выхадных!