Дзярждэпартамэнт ЗША заклікае вызваліць Дар'ю Лосік і ўсіх палітвязняў
Дар'я Лосік / "Белсат"
Дзярждэпартамэнт ЗША устрывожаны звесткамі пра затрыманне Дар'і Лосік. Пра гэта на брыфінгу заявіў першы намеснік прэс-сакратара амерыканскага знешнепалітычнага ведамства Ведант Патэль.
Дар'ю Лосік, жонку палітвязня Ігара Лосіка, затрымалі 18 кастрычніка. Падставай для затрымання стала інтэрв'ю, якое яна ўвесну дала тэлеканалу "Белсат", прызнанаму ў Беларусі экстрэмісцкім. Сілавікі палічылі гэта садзейнічаннем экстрэмісцкай дзейнасці.
Фрылансер Радыё "Свабода", блогер Ігар Лосік асуджаны лукашэнкаўскім судом на 15 гадоў зняволення.
"Чатырохгадовая дачка Лосікаў засталася без бацькоў, адзінае злачынства якіх палягала ў тым, што яны марылі пра дэмакратычную, суверэнную, квітнеючую Беларусь для свайго пакалення і працавалі над ёй. Затрыманне Дар'і ўяўляе сабой яшчэ адну атаку жорсткага рэжыму Лукашэнкі на правы чалавека і асноўныя свабоды. Мы заклікаем да неадкладнага і безумоўнага вызвалення Дар'і і Ігара Лосікаў і ўсіх палітвязняў, у тым ліку больш за 1300 чалавек, несправядліва затрыманых беларускімі ўладамі", — заявіў прадстаўнік Дзярждэпа.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.