Minsk police detain Ukrainian human rights defender for 2 hours (photo)
Украінская праваабаронца Марыя Ясеноўская была затрыманая ў мінскім гатэлі “Спадарожнік” у ноч на 24 кастрычніка. Пра гэты інцыдэнт паведаміла ў сваім Фэйсбуку арганізацыя Lawtrend. Па яе інфармацыі, Ясеноўскую даставілі ў Кастрычніцкі РУУС і прыкладна ў 1.00 прад’явілі ёй дакументы аб забароне на ўезд у Рэспубліку Беларусь.
У сітуацыю ўмяшаліся беларускія праваабаронцы, у тым ліку кіраўнік Офіса па правах людзей з інваліднасцю Сяргей Драздоўскі, які прыехаў у міліцыю на інвалідным крэсле. Менавіта па яго запрашэнні Ясеноўская прыбыла ў Мінск. Таксама перамовы з міліцыяй вялі ўкраінскія дыпламаты.
Пасля гэтых разбіральніцтваў украінку выпусцілі з міліцыі і дазволілі ёй застацца ў Беларусі “у адпаведнасці са сваімі планамі”. Але пры гэтым з праваабаронцы ўзялі пісьмовыя тлумачэнні пра мэты яе візітаў у Беларусь у 2010 і 2011 гадах, а таксама пра цяперашні візіт.
Як выявілася, падставай для затрымання стала тое, што ў 2014 годзе Марыя Ясеноўская была ўнесеная ў спісы КДБ як асоба, якая ўяўляе пагрозу нацыянальнай бяспецы Беларусі.
Марыя Ясеноўская з’яўляецца кіраўніком міжнароднай назіральнай Місіі па сітуацыі з правамі чалавека ў Рэспубліцы Беларусь па аналітычнай працы.
Фота: Фэйсбук