Еўрапейскі суд адмовіўся зняць санкцыі з беларускага бізнесоўца Вараб'я

Мікалай Варабей

Мікалай Варабей / TUT.by

Еўрапейскі суд агульнай юрысдыкцыі адмовіўся здымаць санкцыі з беларускага бізнесоўца Мікалая Вараб'я. Рашэнне было агучанае 8 лістапада, на гэта звярнуў увагу рэсурс Reform.by. Варабей цяпер яшчэ павінен аплаціць судовыя выдаткі.

ЕС увёў супраць яго санкцыі ў снежні 2020 года. У абгрунтаванні пастановы тады гаварылася, што Варабей з'яўляецца адным з вядучых бізнесоўцаў Беларусі з дзелавымі інтарэсамі ў нафтавым сектары, сектары транзіту вугалю, банкаўскім і іншых сектарах, а таксама з'яўляецца саўладальнікам "Брэміна Груп", якая "карысталася падатковымі льготамі і іншымі формамі падтрымкі з боку беларускай адміністрацыі". Выходзіла, што Варабей "атрымлівае выгаду ад рэжыму Лукашэнкі і падтрымлівае яго".

Варабей паспрабаваў аспрэчыць гэтае рашэнне. У сваім пазове ён заявіў, што аповед пра яго дзейнасць у розных сферах эканомікі і працы "Брэміна Груп" не даказвае, што ён атрымлівае выгаду ад рэжыму Лукашэнкі ці падтрымлівае яго. Акрамя таго, яго дзейнасць у названых сферах апошнім часам скарацілася. Суд не прыняў гэтыя аргументы. Ён вывучыў інфармацыю пра дзейнасць Вараб'я і прыйшоў да высновы, што "дзейнасць заяўніка ў нафтавай сферы, сферы транзіту вугалю і банкаўскай не скарацілася на дату прыняцця актаў, якія аспрэчваюцца". Кампанія Вараб'я супрацоўнічае з дзяржаўнымі прадпрыемствамі, як і "Брэміна-Орша".

"Гэтыя партнёрствы дазволілі прадпрыемствам заяўніка не толькі пашырыць маштабы сваёй дзейнасці ў нафтавай сферы, сферы транзіту вугалю, транспартнай і лагістычнай сферы, але і скарыстацца правам ажыццяўляць кантроль над транзітам вугалю ў Беларусі, у выпадку "БелКазТранс", а таксама правам на экспарт, у прыватнасці ва Украіну, нафтапрадуктаў нацыянальных нафтаперапрацоўчых заводаў "Нафтан" і Мазырскага НПЗ у партнёрстве з "Беларускай нафтавай кампаніяй", у выпадку з "Новай нафтавай кампаніяй", — гаворыцца ў рашэнні суда.

Вараб'ю яшчэ нагадалі, што "Брэміна Груп" мае пэўныя падатковыя перавагі ад дзяржавы. Варабей спрабаваў запярэчыць, што іншыя кампаніі ў эканамічных зонах таксама маюць падатковыя льготы, але пазбеглі санкцый. Суд не палічыў гэты аргумент пераканаўчым. Ён палічыў, што Варабей па-ранейшаму мае магчымасць працаваць і здабываць выгаду дзякуючы блізкасці да рэжыму Лукашэнкі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі