Бізнесоўцу Вараб'ю не ўдалося адваяваць свой актыў ва Украіне
"Спрэчны" нафтапрадуктаправод "Самара-Заходні кірунак"
Магістральны нафтапрадуктаправод "Самара-Заходні кірунак" застаецца пад арыштам. Апеляцыйная палата вышэйшага антыкарупцыйнага суда Украіны адмовіла кампаніі-ўладальніку ў апеляцыі на рашэнне аб арышце, паведамляе са спасылкай на свае крыніцы ўкраінскі рэсурс "Левы бераг".
Нафтапрадуктаправод будзе перададзены на захоўванне "Укртранснафце".
Арышт на нафтапрадуктаправод быў накладзены, таму што ў Кіеве вырашылі разабрацца, як гэты актыў аказаўся ў прыватных руках "двух уладальнікаў з замежнай рэгістрацыяй, але афіляваных з двума грамадзянамі Украіны". Часткай нафтапрадуктаправода валодае кампанія "Прыкарпатзахадтранс". А кантрольны пакет акцый гэтай кампаніі належыць набліжанаму да Аляксандра Лукашэнкі беларускаму бізнесоўцу Мікалаю Вараб'ю. Хоць ва Украіне кампанію звязваюць перш за ўсё з імем палітыка, якога яшчэ называюць "кумам Пуціна", — Віктара Медведчука. Еўрарадыё некаторы час таму пісала пра тое, што звязвае беларускіх бізнесоўцаў з украінскім палітыкам.
Паведамляецца таксама, што Медвядчук мае намер абскардзіць арышт нафтапрадуктаправода ў Вярхоўным судзе Украіны.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.