Федэрацыя футбола абвінаваціла гульцоў у палітычнай прапагандзе (дакумент)
Беларуская федэрацыя футбола даслала клубам вышэйшай лігі ліст, у якім абвінаваціла гульцоў у палітычнай прапагандзе.
У сваім лісце АБФФ нагадвае, што "футбол як алімпійскі від спорту павінен заставацца нейтральным у палітычных, рэлігійных, этнічных, расавых і іншых пытаннях". Гэтага правіла прытрымліваюцца міжнародныя футбольныя арганізацыі, кшталту ФІФА і УЕФА, і патрабуюць ад сваіх чальцоў.
"На матчах пад эгідай АБФФ, якія адбыліся ў перыяд з 21 па 23 жніўня 2020 года, мелі месца выпадкі выкарыстання гульцамі каманд жэстаў, прадметаў адзення, надпісаў на экіпіроўцы, звязаных з адкрытым праявай сваіх палітычных пераваг. У дадзеных выпадках футбол выкарыстоўваўся не толькі як сродак для дасягнення спартыўнага выніку, але і як пляцоўка для палітычнай прапаганды", — гаворыцца ў лісце, які падпісаў генеральны сакратар АБФФ Сяргей Жардзецкі.
АБФФ заклікае гульцоў, трэнераў, суддзяў і іншых афіцыйных асобаў устрымацца ад сімволікі, лозунгаў, жэстаў, упрыгожанняў і адзення, якія выкарыстоўваюцца "ў мэтах палітычнай рэкламы і ідэнтыфікацыі палітычных поглядаў".
Апошнімі днямі футбалісты з розных ліг святкавалі галы ўзнятым уверх кулаком і знакам victory. Як вядома, гэтыя знакі, а таксама сэрцайка сталі сімвалам аб'яднанага штаба Святланы Ціханоўскай на мінулых прэзідэнцкіх выбарах.
Акрамя таго, футбалісты "Крумкачоў" выйшлі на матч першай лігі ў майках з надпісам "Мы з народам". Шмат якія футбалісты гулялі з белымі стужкамі на руках — сімвалам руху За сумленныя выбары.
Як адзначае by.tribuna.com, сама АБФФ перад прэзідэнцкімі выбарамі апублікавала частку прамовы Аляксандра Лукашэнкі з хэштэгам #Беларусьоднаннеотдадим.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.