Freaky Summer Party: Мы не замаўлялі аўтазакі!

Freaky Summer Party: Мы не замаўлялі аўтазакі!

29-30 ліпеня ў сталічным Dreamland пройдзе арт-пікнік Freaky Summer Party. Яго арганізатары Дзяніс Трусіла і Ала Алоэ ў эфіры Еўрарадыё распавядаюць пра фішкі сёлетняга фэсту, сістэму бяспекі і лайн-ап.

Еўрарадыё: Ці змяніўся за год Мінск? Прасцей стала жыць у ім крэатыўнай тусоўцы?

Дзяніс Трусіла: Мінск мяняецца, і даволі хутка. Мы вось былі на Зыбіцкай, і там працякае іншае жыццё. Гэта вельмі прыкольна. Мы адчуваем, што публіцы трэба больш месцаў і фестываляў, з'явілася больш часу і разумення, як спажываць фестывалі і вольны час.

Ала Алоэ: Таксама добра, што ў Мінску цяпер ёсць некалькі крутых каманд, якія арганізуюць іншыя фестывалі. І ўвогуле, культывацыя фестывалю, як аднаго з відаў баўлення часу, гэта вельмі добра і на карысць усім.

Еўрарадыё: Колькі чакаеце “фрыкаў” сёлета?

Дзяніс Трусіла: Вельмі рады, што аўдыторыя абнаўляецца. 30% аўдыторыі ― гэта новыя людзі, якія ўпершыню прыходзяць на FSP і вялікімі вачыма глядзяць на тое, што адбываецца. Фестываль ― гэта такая матэрыя, якая павінна абнаўляцца. Сёлета мы чакаем 20 тысяч наведвальнікаў за два фестывальныя дні. Крывая пастаянна паўзе ўверх. Пашыраемся ў тым ліку і ў плане кантэнту.

Еўрарадыё: FSP ведаюць як фэст для хіпстараў. А ці будзе сёлета на ім нешта, што можа прыцягнуць “гопнікаў”, напрыклад?

Ала Алоэ: Мне падаецца, што Freaky Summer Party ужо даўно перастаў быць выключна хіпстарскім фестывалем, бо падцягваем аўдыторыю розных узростаў. У нас ёсць статыстыка, што самы малады навельвальнік прыйшоў на FSP у трохгадовым узросце, а самы дарослы ― у 71 год. Не думаю, што варта казаць пра катэгорыі нейкіх субкультур, хутчэй, гэта стыль жыцця. Можна быць любога ўзросту і сацыяльнага статусу, прыходзіць да нас і класна бавіць час.

Еўрарадыё: Вось пад Рэчыцай ідэолагі адмовілі ў правядзенні мерапрыемству з-за слова "квіз". Мінскія ідэолагі, якія выдаюць гастрольку FSP, прызвычаіліся да словаў “фрыкі, сама, паці”?

Ала Алоэ: Так. Спалучэнне "арт-пікнік" раскрывае кантэнт, напаўненне, і гарадскія структуры гэта лепш успрымаюць. Натуральна, спачатку людзі з нас жартавалі, але цяпер нас ведаюць многія, і гэта не пужае людзей.

Freaky Summer Party: Мы не замаўлялі аўтазакі!

Еўрарадыё: Freaky Summer Party збіраецца прыняць 20 тысяч чалавек. Пасля "Джазавых вечароў" усе зноў пачалі гаварыць пра тое, ці можна адчуваць сябе ўтульна і атрымліваць асалоду ад мастацтва, калі вакол стаяць аўтазакі. Як вы збіраецеся ахоўваць мерапрыемства?

Дзяніс Трусіла: Мы перафарбуем аўтазакі ў ружовы колер (смяецца). Насамрэч, мы не замаўлялі аўтазакі, бо Dreamland мае ўласную сістэму бяспекі, а для нас бяспека вельмі істотная. Гэта важна, каб публіка ні пра што не думала, адчувала сябе камфортна і цалкам "ужывала" лета. Але мы разумеем, што гэта Беларусь, што гэта пэўны кантэкст, мы робім усё магчмае, каб было добра ў межах правілаў.

А на аўтазакі я стараюся не звяртаць увагу. У маркетолагаў ёсць такое паняцце як "банерная слепата". Дык вось я развіваю ў сабе аўтазакавую слепату. Бо, насамрэч, гэта ні на што не ўплывае: вам патрэбныя вы, што вы робіце, хто з вамі побач, а не той, хто сядзіць у аўтазаку. То бок, можна абстрагавацца, жыць у сваёй ілюзіі і класна бавіць час. Але хачу сказаць, што нічога небяспечнага не трэба несці на FSP: мы ўсё знойдзем, дастанем і складзем на ўваходзе. Бярыце з сабой садавіну, пледы, кошыкі, усё, што вам патрэбна для класнага пікніка.

Еўрарадыё: Алкаголю на фэсце не будзе і сёлета?

Ала Алоэ: Так, мы захоўваем безалкагольны фармат мерапрыемства. Гэта наша ўнутранае рашэнне.

Дзяніс Трусіла: Летам і так усё класна, не патрэбны ніякі алкаголь. У нас такая насычаная праграма, што, калі будзе алкаголь, людзі не паспеюць усё паглядзець. Яны мусяць быць сканцэнтраванымі. Ёсць кава, матэ, ёга ― усё, каб людзі былі эфектыўнымі і паўсюль паспелі.

Еўрарадыё: Што новага чакаць ад сёлетняга FSP?

Ала Алоэ: Мы пашыраемся. Таму што мы разумеем, што сёлета будзе больш людзей, і для камфортнага размяшчэння ўсіх мы далучем 30% раней не задзейнічанай тэрыторыі парка. На ёй будзе новая пляцоўка ― благерыя ― для блогераў і пра іх. Першы дзень будзе прысвечаны ютуб-блогерам-мільённікам, другі дзень ― insta- і travel-блогерам і медыйным асобам. Усё будзе адбывацца ў фармаце круглага стала, бо пытанні, колькі зарабляюць блогеры, колькі каштуе адзін пост, ці працуюць яны за ежу і г.д. вельмі актуальныя.

Freaky Summer Party: Мы не замаўлялі аўтазакі!

Дзяніс Трусіла: З новага таксама плануецца вялікая скейтавая пляцоўка, пляцоўка, дзе мы будзем вучыць катацца на пенібордах усіх, хто чамусьці яшчэ не ўмее. Будзе ёга, традыцыйная адукацыйная пляцоўка, хэдлайнерам якой стане агенцтва “Снаск” са Швецыі. У нас будзе каля 60 кропак з уласнай праграмай. Усё будзе адбывацца нон-стоп з 12 да 23. Будзе вялікі фуд-корт. Карацей, усё будзе як звычайна, але яшчэ больш і яшчэ лепш.

Будзе круты лайн-ап і пяць музычных сцэн. На галоўнай выступяць брытанцы Everything Everything ― прарыў года па версіі The Times у Брытаніі ў мінулым годзе. Гэта самыя буйныя музыкі, якія прыязджалі на пікнік FSP, і магу сказаць, што ў сусветным маштабе гэта вельмі класны гурт у сферы індзі. Другі гурт ― Tesla Boy, яго ўсе любяць і ўсе ведаюць. Бубуць яшчэ літоўцы Beissoul & Einius, Антоха МС, палякі Coals, беларусы Intelligency, Another Lips, Mustelide, Super Besse, шведы VÄG, фіны Jaakko Eino Kalevi, эстонцы NOËP.

Еўрарадыё: Музыка паступова займае большыя пазіцыі на ФСП, чым гэта было на самым пачатку...

Дзяні Трусіла: Мы расцем ва ўсіх накірунках. А музыка ― гэта тая рэч, якая аб'ядноўвае большую колькасць людзей. То бок, калі благерыя захоплівае пэўных людзей, а музыка аб'ядноўвае пад адной сцэнай дзясяткі тысяч людзей, якія будуць спяваць і танцаваць.

Ала Алоэ: Уласна, прычына, якая прымушае людзей збіраецца разам, гэта заўсёды музыка, ежа і сябры. Мы разумеем, што трэба забаўляць людзей, даваць ім розную музыку, з іншага мы разумеем, што апроч як на ФСП, складана такім гуртам выступіць у Беларусі, бо гэта некамерцыйная музыка, і мы першыя, хто прывозіць гэтых артыстаў у нашу прастору.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі