Freaky Summer Party у куртках і пад парасонам: фотарэпартаж з першага дня
У суботу 29 ліпеня ў сталічным парку Deamland пачынаецца знакаміты арт-пікнік Freaky Summer Party. Праўда, халодным летам 2017-га івент хутчэй падобны да Freaky Аutumn Party, бо праходзіць ён пад парасонамі, дажджавікамі, пледамі і з гарачымі кавай ды гарбатай. Аднак фрыкаў, хіпстараў і іншую прыгожую публіку гэта ніяк не турбуе:
"Што мусіць здарыцца, каб я не пайшоў на FSP? Мусіць перавярнуцца свет! ― кажа 10-класнік Улад з серабрыстымі валасамі. ― Я тут не першы год, бо FSP ― гэта класная атмасфера, смачная ежа, цікавыя мерапрыемствы і добры настрой. А надвор'е не перашкаджае весялосці".
І так, як Улад, мяркуюць усе суразмоўцы Еўрарадыё, пры чым шмат сустрэтых намі людзей прыйшлі на арт-пікнік упершыню!
Натуральна, што пляжны валейбол сёння "адпачывае", аднак людзі гуртуюцца вакол адукацыйных пляцовак Blogeria, Edutainment, танчаць пад шведаў VÄG і беларусаў Super Besse, тусяць з дзецьмі на Kidsters, з цікавасцю "падвешваюцца" і кідаюцца мячамі ў гэтым стане а потом выйграюць за гэта кактэйль, фоткаюцца ў яркіх стужках, якія ўпрыгожваюць дрэвы, спаборнічаюць у конкурсах са сваімі сабакамі ― сёння тут ёсць адмысловая зона для жывёл. Карацей, ніхто не сумуе.
"Тут шмат усяго: музыка, розныя конкурсы, розыгрышы, але хочацца, каб часцей такое праводзілася, бо людзям трэба неяк забаўляцца, бо ўвогуле ў Мінску сумна, ― дзеліцца ўражаннямі Саша з зялёнай чолкай, яна прыйшла на FSP першы раз. Яе сяброўка Оля з нерэальна доўгімі валасамі дадае: "Тут вельм незвычайная атмасфера, і крута бачыць столькі цікавых людзей у адным месцы".
Натуральна, што дождж і холад псуюць карціну першага фестывальнага дня. Але мінчукі настолькі любяць FSP, што бліжэй да вечара ўсё шчыльней запаўняюць прастору фэста. Але ў нядзелю, 30-га, гледзячы па сонцы і верачы прагнозам сіноптыкаў, на арт-пікнік вяртаецца лета!