Ганна Бахціна звярнулася ў суд, каб аднавіць адвакацкую ліцэнзію
Пазбаўленая адвакацкай ліцэнзіі юрыстка Ганна Бахціна звярнулася ў суд Маскоўскага раёна Мінска са скаргай, каб аднавіць ліцэнзію. Сутнасць скаргі — мелі месца парушэнні пры правядзенні атэстацыі, а пазачарговая атэстацыя была праведзена няправільна. Пра гэта Ганна Бахціна распавяла ў размове з Еўрарадыё.
Бахціна: “Лічу, што пазачарговая атэстацыя была прызначаная незаконна. А высноў, да якіх прыйшлі на атэстацыі, не дастаткова, каб пазбавіць адваката кваліфікацыі. Недакладнасць і памаркі — гэта не прыкмета таго, што адвакат не можа выконваць прафесійныя абавязкі”.
Ганну Бахціну, якая абараняла Эдуарда Пальчыса, Міраслава Лазоўскага ды іншых фігурантаў гучных спраў, пазбавілі адвакацкай ліцэнзіі 12 верасня. Яна мае 38 гадоў адвакацкага стажу.