Газ для Беларусі падаражэць не павінен — Мясніковіч
Міхаіл Мясніковіч / з архіву БЕЛТА
Расійскі газ для Беларусі ў 2021 годзе падаражэць не павінен, заявіў старшыня Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі Міхаіл Мясніковіч у эфіры Беларускага тэлебачання.
"На падставе той прапрацоўкі, якую мы маем сёння, цэны на газ для Беларусі не павінны быць вышэй за ўзровень бягучага года", — сказаў ён. Паводле слоў Мясніковіча, у бакоў ёсць інструменты, якія дазваляюць зрабіць цэны на энерганосьбіт роўнадаходнымі.
"Асабліва гэта тычыцца тарыфу на прапампоўку газу, гэта значыць па тэрыторыі Расійскай Федэрацыі, пакуль газ дойдзе да Беларусі", — патлумачыў Мясніковіч.
Прычым гэтае пытанне можа быць вырашана як у двухбаковым фармаце, паміж Расіяй і Беларуссю, так і на ўзроўні ЕАЭС. 11 снежня адбудзецца саміт кіраўнікоў Еўразійскага эканамічнага саюза, і пытанне адзінага рынку газу ёсць на парадку дня. Пра гэта напярэдадні казаў і Аляксандр Лукашэнка.
Раней расійскі амбасадар Дзмітрый Мезенцаў, разважаючы пра магчымы кошт газу для Беларусі, адзначаў, што Менск можа разлічваць на зніжку на газ, калі саступіць па нейкіх іншых таварных пазіцыях. Ёсць і другі шлях: калі бакі пачнуць рабіць значныя крокі насустрач адзін аднаму ў розных галінах — збліжэнні падатковага заканадаўства і гэтак далей, "тады перамовы і па тактычных ,і па прынцыповых пытаннях будуць паспяховымі і выніковымі", казаў Мезенцев.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.