Гендарная роўнасць на БЧ: абяцанні і рэальныя перашкоды для жанчын
"Пачніце хаця б са змены ўмоваў у дамах адпачынку, каб жанчына змагла ў іх выжыць", — кажуць чыгуначнікі.
На Беларускай чыгунцы працуюць над гендарнай роўнасцю. Праўда, у Супольнасці чыгуначнікаў Беларусі кажуць, што мера гэтая вымушаная — і самім жанчынам можа не спадабацца.
Еўрарадыё паспрабавала разабрацца.
“Рукі ў адным баку, галава — у іншым. Разбіраецца з гэтым памочнік машыніста”
На БЧ крызіс кадраў, кажуць у Супольнасці чыгуначнікаў. Прычыны розныя:
— Па-першае, зніжаецца якасць адукацыі: людзі прыходзяць на працу і не разумеюць, што яны робяць. Па-другое, многія звальняюцца праз стаўленне кіраўніцтва да работнікаў. Людзі не вытрымліваюць, выпускнікі каледжаў расчаравана сыходзяць, як толькі адпрацуюць размеркаванне, — кажуць нашыя суразмоўцы.
І кіраўніцтва БЧ шукае спосабы запоўніць вакансіі. Сярод іх і даволі прагрэсіўныя — напрыклад, прыбраць забарону на прафесію машыніста лакаматыва для жанчын.
— Цяпер у дакументах БЧ няма прамой забароны на допуск жанчын да навучання і наступнай працы ў якасці ўдзельніцы лакаматыўнай брыгады. У ранейшых рэдакцыях Правілаў тэхнічнай эксплуатацыі такое палажэнне было. Яго прыбралі, спрабуючы адпавядаць цывілізаваным грамадствам, — кажуць у Супольнасці чыгуначнікаў.
І дадаюць, што пачаць прыцягваць жанчын да працы машыністкамі варта са змены ўмоваў у дамах адпачынку лакаматыўных брыгад. Што такога страшнага ў гэтых дамах і навошта яны наогул патрэбныя?
— Машыністы не могуць працаваць даўжэй за пэўны час, і тады даводзіцца або вяртацца дадому на цягніку ўжо пасажырам, або заставацца на ноч у такім доме адпачынку. Зноў сесці за пульт можна толькі тады, калі пройдуць неабходныя гадзіны для адпачынку.
Дом адпачынку — гэта цэлы будынак, падобны да гатэля. Але ўсё ў гэтым будынку прызначанае для мужчын. У Мінску і Оршы нармальныя дамы адпачынку, але ў большасці дэпо ўмовы ў іх проста жахлівыя. Я не ўяўляю жанчыну, якая пагодзіцца там жыць, — прызнаюцца чыгуначнікі, з якімі пагутарыла Еўрарадыё.
Добра, дапусцім, у гэтых дамах навядуць парадак. Што яшчэ?
Не толькі ў Еўропе — нават у Расіі жанчыны могуць быць машыністкамі і памочніцамі машыністаў. Але чыгуначнікі кажуць, што там вельмі адрозніваецца якасць рухомага складу.
Большая яго частка — або зусім новая, або прайшла праз працэс аднаўлення. То-бок кіраванне ажыццяўляецца з дапамогай мікракантролераў — кіраваць такім цягніком прасцей, многія працэсы аўтаматызаваныя. А на БЧ на мікрапрацэсарным кіраванні з электрацягнікоў — толькі "штадлеры".
— Дапусцім, цягнік збівае чалавека. Ногі асобна, галава асобна. Гэта ўсё са шляхоў мусіць прыбіраць лакаматыўная брыгада. У Еўропе жанчыны працуюць і машыністкамі, і памочніцамі машыніста. Але працэсы ў еўрапейскіх краінах выбудаваныя інакш. Калі састаў насмерць збівае чалавека, цела ніхто, акрамя паліцыі, не кранае. Пакуль паліцыя не прыедзе, цягнік далей не ідзе.
А калі жанчыны прыйшлі ў прафесію, яны агучылі гэтую праблему. І дарогі сталі выглядаць больш цывілізавана. Але так, трэба спачатку стварыць умовы, перш чым клікаць жанчын на працу.
І не менш важнае — умовы псіхалагічныя. Калі ў прафесію прыходзіць новая сацыяльная група (гаворка неабавязкова пра жанчын) — вядома, з ёй трэба працаваць. Змагацца разам з ёй са стэрэатыпамі. І гэта патрабуе часу і ўважлівага стаўлення.
Падсумоўваючы: Ірына Сідорская ўпэўненая, што ў жанчын ёсць усё, каб быць паспяховымі машыністкамі. Яны адказныя, уважлівыя, асцярожныя, працаздольныя. У жанчын добрая рэакцыя і яны здольныя хутка пераключаць фокус увагі.
— Часам памылку адной жанчыны пераносяць на ўсю групу, робячы выснову, што яны не здатныя да нейкай працы. У нас шмат стэрэатыпаў працуе супраць жанчын.
Але давайце падумаем у іншы бок. Колькі жанчын працуе правадніцамі? А гэта ж не праца, якая патрабуе ад цябе толькі гарбаты наліць. Гэтая праца — клопат пра бяспеку. Правадніцы разумеюць, як працуе цягнік, яны інфармуюць брыгаду пра рызыку. Яны вырашаюць праблемы з пасажырамі, у тым ліку нецвярозымі.
Таму давайце не падзяляць: правадніца — праца для жанчыны, а машыніст — іншая планета. Не, у гэтых прафесій шмат агульнага.
У жанчын ёсць шмат навыкаў, якія дазволяць ім знайсці сябе ў гэтай працы. Але трэба працаваць і ствараць умовы для таго, каб гэта стала магчымым. Бо гэтая праца павінная быць для жанчыны зручнай, бяспечнай і больш камфортнай. Зрэшты, калі на працу ў нейкую сферу прыходзяць жанчыны, уся сфера становіцца ў сваёй арганізацыі больш цывілізаванай.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.