Генпракуратура рыхтуе працэсы супраць яшчэ пяці памерлых людзей
Андрэй Швед
Генпракуратура Беларусі рыхтуе судовыя працэсы супраць яшчэ пяці памерлых людзей. Іх вінавацяць у генацыдзе падчас Другой сусветнай вайны. Пра гэта заявіў 26 сакавіка генпракурор Андрэй Швед.
"Сёння мы рыхтуем матэрыялы ў дачыненні да яшчэ не менш як пяці карнікаў, у тым ліку нашых калабарантаў, у тым ліку Серафімовіч быў такі садыст, які з 41-га па 44-ы год знішчаў мірнае насельніцтва, сваіх жа суграмадзян, і іншых карнікаў. І прысуды гэтых судоў будуць апублікаваныя", — заявіў Швед.
18 сакавіка 2024 года рэжым Лукашэнкі вынес першы прысуд памерламу чалавеку за генацыд беларускага народа. Украінца Уладзіміра Катрука, які памёр у Канадзе ў 2015-м, прызналі вінаватым, але не прызначылі яму пакаранне.
Сымон Серафімовіч, згаданы Шведам, падчас вайны быў начальнікам паліцыі ў Міры. Пасля вайны эміграваў, асеў у Вялікабрытаніі. У 1990-х гадах у Вялікабрытаніі на яго пачалі крымінальную справу за ваенныя злачынствы, але неўзабаве спынілі з прычыны сталага веку і хваробы мужчыны.
Крымінальныя справы за генацыд падчас Другой сусветнай — палітычная кампанія рэжыму Лукашэнкі, пачатая пасля пратэстаў 2020 года. Ён звяртаецца да гісторыі, каб абгрунтаваць сваю легітымнасць і даказаць неабходнасць сілавога задушэння любых грамадскіх пратэстаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.