Як у “рускай Вікіпедыі” перапісваюць мінулае і сучаснасць Беларусі
Беларуская палітыка вачамі "Вялікага брата"
Сайт “Рувікі” — “Вікіпедыя”, скапіяваная і выпраўленая на замову Крамля, — працуе ўжо больш за паўгода. За гэты час цэнзары “давялі да дасканаласці” сотні тысяч артыкулаў, ствараючы для расіян новую, “правільную” гісторыю.
Пакуль і ў Расіі, і ў Беларусі паралельна працуюць і “Рувікі”, і “Вікіпедыя”. І спасылкі на апошнюю ў пошуку ідуць вышэй, чым на новы праект. Але не сёння дык заўтра Крэмль можа заблакаваць “Вікіпедыю”, а заадно загадаць “Яндэксу” прыбраць яе з пашукавіка, якім карыстаюцца не толькі расіяне, але і беларусы.
Еўрарадыё прагледзела некалькі дзясяткаў артыкулаў “Рувікі”, прысвечаных культуры, гісторыі і беларускім палітычным дзеячам. Адны з іх амаль ніяк не кранутыя, іншыя сур’ёзна парэзаныя ў параўнанні з арыгіналамі з “Вікіпедыі”. Ці ўвогуле выдаленыя з расійскай версіі рэчаіснасці.
Заслужаны аўтакрат з 30-гадовым стажам
Пакуль што аўтараў “Рувікі” не вельмі цікавіць мінулае Беларусі. Ці да часоў Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай папросту яшчэ не дайшлі рукі. Што ж, не будзем ім падказваць, дзе яшчэ застаецца крамола, якая руйнуе прапагандысцкі міф пра агульную гісторыю двух “братніх” народаў.
Куды больш прапагандыстаў турбуе сучасная беларуская палітыка і ўдзел Беларусі ў вайне з Украінай.
З артыкула пра Аляксандра Лукашэнку прыбраныя амаль усе згадкі пра забойствы яго палітычных апанентаў, масавыя рэпрэсіі пасля выбараў 2020 года, фальсіфікацыі выбараў. Крытыка калі і здараецца, дык толькі адзін раз і выключна “паводле меркавання заходніх выданняў”. Агулам Лукашэнка прадстаўлены ў “Рувікі” як заслужаны палітык, які шмат карыснага зрабіў для расійска-беларускіх адносін: будаваў Саюзную дзяржаву, дамаўляўся з кіраўніком ПВК “Вагнер” Яўгенам Прыгожыным пра спыненне маршу на Маскву.
Затое рукі цэнзараў пакуль не дацягнуліся да артыкула “Рувікі” пра створаны ByPol’ам ва Украіне атрад “Атам”. Захоўваецца там і інфармацыя пра няісны ўжо атрад “Пагоня” і тактычную групу “Беларусь”.
У матэрыяле, прысвечаным ПВК “Вагнер”, няма інфармацыі, што наёмнікі пасля няўдалага мяцяжу Прыгожына пераехалі ў Беларусь і трэніруюць там беларускіх вайскоўцаў.
Энцыклапедыя “праўды”
Карыстальнікі “Рувікі” адразу звярнулі ўвагу на тое, што артыкулы пра Украіну і расійскую вайну з ёю, секс і гендар, замежную палітыку і шмат іншае былі істотна перапрацаваныя. Пры гэтым адсачыць праўкі з нядаўняга часу стала нашмат складаней. Рухавік, які выкарыстоўвае “Рувікі”, больш не дае магчымасці параўнаць версіі, захаваныя ў розны час.
Імпартазамяшчэнне інфармацыі
Ці можа “Рувікі” зрабіць істотную шкоду беларускаму грамадству, якое чэрпае інфармацыю з інтэрнэту? Ці эфект ад яе будзе такі ж, як і ад усяго астатняга імпартазамяшчэння, і па якасную інфармацыю беларусы працягнуць хадзіць на заходнія і незалежныя беларускія сайты? Еўрарадыё расказала пра гэта медыяэкспертка і даследчыца прапаганды Ірына Сідорская.
“Я б пакуль не перабольшвала рызыку. Няма дакладнай інфармацыі, што інтэрнэт у Беларусі зробіцца “суверэнным” ці хаця б будзе абмежаваны паводле версіі Расіі. Пакуль такога яшчэ няма, — кажа яна. — Зразумела, што блакіроўка будзе ўплываць, але гэта будуць хутчэй выпадковыя сустрэчы з такой альтэрнатыўнай інфармацыяй”.
Экспертка лічыць, што беларускай аўдыторыі, у першую чаргу школьнікам і студэнтам, важна ведаць, што “Рувікі” не мае нічога агульнага з духам і падыходам да асвятлення інфармацыі звычайнай “Вікіпедыі”.
“Бо там існуюць розныя падыходы і перакананні для тлумачэння падзей і з’яў, празрыстасць, калектыўны характар стварэння. Гэта ў корані супярэчыць расійскаму праекту, які хоць і падаецца “пад навуковым рэцэнзаваннем”, але насамрэч навуковага там вельмі мала.
Гэта відавочна ідэалагічны і прапагандысцкі рэсурс. Там усё зроблена менавіта з пункту гледжання Расіі. А сённяшні расійскі падыход пазіцыянуецца як адзіны правільны, адзіны навуковы і адзіны, які мае права на існаванне”.
Ірына Сідорская ўпэўненая, што “Рувікі” калі і будзе на некага ўплываць, дык перш за ўсё на расійскую аўдыторыю.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.