"Голас Амерыкі" — пра сітуацыю ў Беларусі: штодня катуюць палітвязняў

У Беларусі каля паўтары тысячы палітвязняў

У Беларусі каля паўтары тысячы палітвязняў / shutterstock / Fanni_2021

"Голас Амерыкі" распавёў пра сітуацыю ў Беларусі, дзе не спыняюцца рэпрэсіі. Намеснік кіраўніцы Аб'яднанага пераходнага кабінета, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка падкрэсліў, што ў РБ штодня катуюць палітвязняў, а пра лёс вядомых дзеячоў няма ніякай інфармацыі на працягу некалькіх месяцаў.

"Нобелеўскі лаўрэат міру Алесь Бяляцкі знаходзіцца ў турме, і ў мяне выклікае пачуццё неразумення маўчанне свету пра гэта! — кажа Латушка. — Чаму сусветная грамадскасць не кажа пра тое, што Нобелеўскі лаўрэат міру асуджаны на 10 гадоў турмы і знаходзіцца ў жудасных умовах?".

Павел Латушка адзначыў, што прызнаных беларускімі праваабаронцамі палітвязняў каля 1500. Але насамрэч палітычных зняволеных у некалькі разоў больш.

Кіраўнік НАУ нагадаў, што ў Беларусі ліквідаваны ўсе апазіцыйныя палітычныя партыі, амаль паўтары тысячы няўрадавых арганізацый, усе незалежныя СМІ. Палітычныя, грамадскія, сацыяльныя рэпрэсіі перацякаюць і ў эканамічную сферу. У выніку на працягу трох апошніх гадоў з РБ з'ехала ад 250 тысяч да 500 тысяч беларусаў.

"У нас складваецца ўражанне, што свет апусціў рукі, ён глядзіць фармальна на тое, што адбываецца ў нашай краіне, а дыктатары разумеюць толькі мову сілы", — гаворыць Павел Латушка.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі