Грузія адымала шэсць нулёў, Украіна — пяць (фота)
Латвія зрабіла гэта 5 сакавіка 1993 года. Тады латвійскі рубель замянілі латам. Каэфіцыент абмену быў не самы зручны — 200 латвійскіх рублёў мянялі на 1 лат.
Літва правяла грашовую рэформу ў чэрвені 1993 года. Пасля гэтага літоўскія талоны замянілі на літы — 100 літоўскіх талонаў пачалі абменьваць на 1 літ. Дарэчы, гэтыя талоны былі вельмі падобныя да беларускіх “зайчыкаў”. На іх таксама змяшчаліся выявы мясцовых жывёлаў і птушак.
Перыяд пераходу на новыя грошы цягнуўся ўсяго месяц, ужо ў канцы ліпеня ва ўсёй краіне хадзілі літы.
У Польшчы злоты дэнамінаваўся некалькі разоў. Першы — у далёкім 1950 годзе. Тады за 100 старых злотых давалі 1 новы. Другі раз грошы змянялі ў 1995 годзе і ўжо з 1 студзеня пачалі ўводзіць новыя, каэфіцыент абмену быў, як падчас цяперашняй дэнамінацыі ў Беларусі, 1:10 000. Цікава, што ў Польшчы планавалі таксама выпусціць купюру ў 500 злотых, але пасля дэталёвага эканамічнага аналізу было вырашана гэтага не рабіць. У Беларусі пасля дэнамінацыі найбольшай купюрай будзе 500 рублёў.
У 1996 годзе ва Украіне карбаванец замянілі на грыўню. Сам працэс змены старых грошай на новыя праходзіў вельмі хутка. Дэнамінацыю пачалі 2-га верасня, а скончылі 16-га. Тады 100 тысяч карбаванцаў абменьвалі на 1 грыўню.
У 1998 годзе праводзілі дэнамінацыю ў Расіі — 1000 старых расійскіх рублёў мянялі на 1 новы. Грошы старога ўзору можна было здаць у банк цягам года. Новыя расійскія грошы былі падобныя на старыя.
Дэнамінацыя самага вялікага парадку ў паслясавецкіх краінах праводзілася ў 1995 годзе ў Грузіі. Падчас яе 1 мільён старых грузінскіх купонаў пачалі абменьваць на 1 лары. Прычынай была гіперінфляцыя — 678,4% у 1995 годзе.
Да дэнамінацыі ў гэтай паўднёвакаўказскай краіне хадзілі купюры нават большага наміналу, чым цяпер у Беларусі — 500-тысячныя і нават мільённыя банкноты. Цікава, што грузінскія купоны мелі і незвычайныя для Беларусі наміналы — тры, тры тысячы, 30 тысяч і 150 тысяч купонаў.
Сярод цяперашніх краінаў Еўрасаюза самая нядаўняя дэнамінацыя адбылася ў 2005 годзе ў Румыніі: 10 тысяч старых леяў тады абменьвалі на 1 новы.