Гурт Re1ikt: Мы шукаем сваіх Малдэра і Скалі

Гомельскі гурт Re1ikt рыхтуецца выдаць свой другі альбом. Летась хлопцы дайшлі да паўфінала ў Global Battle of The Band і выступілі ў мінулы Новы год на БТ разам з АГАТА КРИСТИ i Zdob Si Zbub. Гэта з улікам таго, што калектыў грае prog alternative, апрыёрна цяжкі і нефарматны, ды выдатна пасуе да A-one, дзе ратыруецца. Пра тое, што музыка – гэта магія і яна прыходзіць з наасферы, мы гутарым з барабаншчыкам Re1ikt Аляксеем. Ён кажа, што каманда шукае сярод сваіх прыхільнікаў Малдэра і Скалі. Вы існуеце больш за 4 гады. Ці складана на Беларусі застацца гуртом за гэты час і дамагчыся выступаў на беларускім тэлебачанні ў Новы Год і годзе далей?

Усё залежыць ад таго, што гурт мае на мэце. Наша мэта – ствараць арыгінальную музыку, якая не будзе мець аналагаў не толькі ў Беларусі і СНД, але і ва ўсім свеце.Зыходзячы з гэтага, мы зараз не звяртаем увагу на нейкія цяжкасці, а проста робім сваю музыку і імкнемся развівацца. Мы жывем ў розных гарадах і прызвычаіліся, бо пачыналі, калі былі вельмі маладымі. Магчыма, памкненне ўжо тады перарасло ў нейкую звычку, і мы адаптаваліся да ўмоваў, у якіх у нашай краіне існуе рок-музыка. Мы не хочам папулярнасці, славы, стаць камерцыйным праектам, які будзе засвойвацца масавым слухачом за адно праслухоўванне. Хай мы будзем доўга ісці да нечага, але застанемся ў памяці слухачоў больш чым на 5 гадоў.
 
Вы плануеце застацца ў гісторыі сусветнай, а што ў Re1ikt ёсць такога, чаго не было ў вашых папярэднікаў?
 
Мне аднойчы ў галаву прыйшла думка, што ізаляцыя нараджае натуральнасць. Калі чалавек геаграфічна знаходзіцца ва ўмовах, прыкладам, вялікага горада, куды прыязджае шмат добрых гуртоў, то пераймае нешта. Нам прасцей.
Не буду сцвярджаць, але спадзяюся, мы маем пачуцце густу. Што такое арыгінальная музыка? Гэта музыка душы яе стваральніка, які пад нейкім уплывам выяўляў уласныя пачуцці і светапогляд.
 
Ці ўсе музыкі вашага гурта – арыгіналы ў жыцці і ў музыцы?
 
Тыя, што з першага погляду падаюцца арыгіналамі, насамрэч найбліжэйшыя да звычайных людзей. А падобныя на звычайных – арыгіналы між арыгіналаў.
На канцэртах экспрэсіўная манера паводзінаў ужо паціху робіцца звычкай, абавязкам. Выступаючы на сцэне, чалавек павінен паводзіцца цікава. Наогул жа, на асобе, харызме адбіваецца жыццёвы досвед, які з часам прымнажаецца, і ў гэтым таксама выяўляецца арыгінальнасць.
Справа ў тым, што чалавек вонкава можа асабліва не вылучацца... Вазьму за прыклад лідэра гурта “Звуки Му” Пятра Мамонава, якога ў жыцці, можа, і не адзначыш. А ягоныя паводзіны на сцэне выклікаюць бурную рэакцыю. Я не параўноўваю нас з “Гукамі Му”, але, у прынцыпе, аналогія дакладная.
 
Ты згадваў ізаляцыю, адсутнасць уплываў, але апрануў майку “Isis”...
 
Гэты гурт на мяне аніяк не ўплывае. Наша музыка не ёсць ані аналагам, ані вынікам уплыву постметала, построка, эксперыментала, сладжа ці яшчэ чагосьці. Аксель Роўз з Guns N' Roses  слухаў Nirvana, але параўнаць Guns N' Roses з Nirvana немагчыма.
 
Складанасць музыкі для вас – адзіны крытэр, ці ёсць яшчэ нешта важнае, што мусіць абавязкова быць?
 
Ёсць тры акалічнасці, на якія мы звяртаем увагу. Першая – нядругаснасць, другая, сапраўды, – складанасць. Простымі памерамі і стандартнай кампазіцыйнай схемаю “куплет – прыпеў” ужо – не тое, каб нікога, – але, ва ўсялякім разе, сябе не здзівіш. Кампазіцыю даўжынёй, большай за 4 хвіліны, трэба граць з дынамікай, задаючы настрой. Такім чынам, вынікае трэцяя акалічнасць – настрой, атмасфера. Мы ідзем да таго, што альбом павінен быць канцэптуальны, сканцэнтраваны вакол пэўнай тэмы і музычнага настрою.
 
Калі ёсць канцэпцыя, ці не штучна гэта?
 
Наша канцэпцыя такая: кожную пласцінку рабіць канцэптуальнай па-свойму. Музыка Re1ikt скіраваная на людзей, якія будуць слухаць музыку глыбока, будуць спрабаваць зразумець выканаўцу. Дзеля таго, каб зразумець аўтара, не дастаткова адной-дзвюх песняў, трэба паслухаць цэлы альбом, магчыма, у кантэксце мастацкага афармлення, вершаў...
 
Хочаце сказаць нешта важнае людзям? Чаму ж тады не зрабіць гэта ў больш простай форме?
 
Насамрэч, наша музыка спрашчаецца. Гэта значыць, яе прасцей успрымаць слыхам. Вычышчаем частотны дыяпазон інструментаў, дбайна ставімся да кожнай ноты... Я разумею, што нам цяжка разлічваць на сто адсоткаў аддачы з боку слухача. Але будзем кіравацца прынцыпам якасці, а не колькасці. Няхай лепш дзесяць слухачоў, якія глыбока аналізуюць нашу творчасць, чым тысяча, якой насамрэч пляваць, і яна проста глядзіць на нон-канфармісцкія плыні.
 
Ты файна тэарэтызуеш, арыентуешся ў музыцы. Адкуль такі падыход?
 
Адказ будзе не вельмі традыцыйны. Не я першы гэта скажу, але многія лічаць, што існуе наасфера, якая канцэнтруе і ўтрымлівае досвед і веды чалавечай цывілізацыі. Таму для працавітых людзей, якія старанна займаюцца і шчыра вераць у тое, што робяць, адкрываецца канал сувязі з наасферай, з космасам. Напэўна, адтуль прыходзяць усе гэтыя веды. Самі мы з правінцыйнага Светлагорска, дзе не бывае значных падзей, а навінкі з’яўляюцца гады праз тры пасля іх з’яўлення ў сталіцы.
 
Музыка і тэксты прыходзяць да вас таксама з наасферы?
 
Тут я прытрымліваюся погляду Платона пра тое, што існуе свет людзей, і свет эйдасаў – ідэяў. Туды і адчыняюцца дзверы  нейкаму чалавеку. Большасць тэкстаў напісана ў такім цікавым стане напаўсну, магчыма, на падсвядомым узроўні. А пасля перачытваеш, і не зусім разумееш, чаму гэта так, а тое – гэтак. Таму інакш вытлумачыць гэта я не магу.
 
Вы і без таго элітарысцскі гурт. Ці не баіцеся таго, што пасля гэтага інтэрв’ю патэнцыйная аўдыторыя яшчэ зменшыцца?
 
Нічога, усё адно застанецца хоць некалькі чалавек, якім будзе цікава. Музыка – гэта магія. Сур’ёзна. Памятаеце серыял “Сакрэтныя матэрыялы”? Наша музыка – гэта адна з спраў, якую расследуюць Малдэрам і Скалі. Няхай падобныя да іх людзі слухаюць музыку Re1ikt, знаходзяць у ёй нешта цікавае, знаходзяць нейкія аналогіі... Я даўно з гэтым замірыўся. Мы выступалі і для вялікай колькасці слухачоў, і гралі для пустой залы, дзе два–тры з дзесяці прысутных цікавіліся. Я гатовы якасна выконваць для іх сваю музыку. Гурт грае даўно, і падобныя расчараванні перажыў напачатку.
Складанасцяў большае. Амбіцыі ўзрастаюць, узрастаюць творчыя патрабаванні. Мы не хочам абмяжоўвацца ані ў чым – будзем змешваць шмат розных накірункаў, дадаваць свой настрой, свой густ. Хочам мець свой стыль, каб было бачна, што гэта мы, а не чарговае малпаванне больш паспяховых заходніх ці расійскіх калектываў.
 
Што вы хочаце, каб з вамі яшчэ здарылася сёлета, у 2008 годзе?
 
Хочам выдаць альбом, які ўжо запісаны і амаль падрыхтаваны ў наклад. Завецца ён “Клініка”. Знялі якасны кліп на тытульную кампазіцыю альбома з назваю “Последняя хирургия”. У 2008 таксама хочам запісаць, ну хоць бы дэма-варыянт, нашай трэцяй праграмы. Хочацца больш канцэртаваць, дзяліцца сваёй музыкай з слухачамі. Зрэшты, гэтага хочацца заўсёды.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі