Гурт Re1ikt зробіць перапынак у канцэртах

Гурт Re1ikt зробіць перапынак у канцэртах

Мінскі гурт Re1ikt абвясціў пра перапынак у канцэртнай дзейнасці. Музыкі плануюць завяршыць працу над новым, шостым студыйным альбомам.

“Мы ўжо нарыхтавалі дастаткова ідэяў для стварэння новага альбому, нават пачалі запісваць першыя дэма. Таксама вызначыліся з яго канцэпцыяй. Таму нам патрэбны час, каб спакойна пабыць у сваёй студыі і зрабіць паўнавартасныя кампазіцыі, бо канцэрты вельмі адцягваюць увагу і забіраюць час, асабліва калі гэта сольныя выступы”, — кажа лідар гурта, бубнач Аляксандр Дземідзенка.

Па яго словах, гурт, магчыма, будзе з’яўляцца на нейкіх фэстах і імпрэзах, але вялікіх сольных канцэртаў не будзе ажно да вясны. 

Перад гэтым "творчым адпачынкам" музыкі вырашылі на развітанне даць восеньскі сольны канцэрт. 9 верасня ў клубе “Графіці” гурт выканае амаль цалкам апошнія альбомы: адно з аддзяленняў будзе складацца з песень з дыску “Liekavyja Travy” (2015), другое — з кружэлкі “Kufar” (2016).

Re1ikt — гурт, які працуе ў напрамку world rock. У яго творчасці спалучаюцца традыцыйны беларускі песенны фальклор з актуальнымі рок-напрамкамі. 

Сольны канцэрт гурта Re1ikt пройдзе ў клубе “Графіці” (г. Мінск, зав. Калініна, 16) 9 верасня. Кошт квіткоў: 7–10 рублёў. Пачатак — 20.00.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі